У дзіцячым садзе № 10 Навагрудка ў дзень нараджэння сваіх выхаванцаў педагогі ладзяць сапраўднае свята з займальнымі і вясёлымі гульнямі і, вядома ж, падарункамі. Гэта падкрэслівае значнасць кожнага дзіцяці ў групе, выхоўвае сяброўскія адносіны паміж дзецьмі і іх выхавальнікамі.
З раніцы ва ўрачысты дзень імянінніку ствараем асабліва добры настрой. Яшчэ дома бацькі віншуюць сваё дзіця і распавядаюць, які сёння значны для яго дзень, а ў дзіцячым садзе яго чакае прыемны сюрпрыз.
Спачатку дзеці спяваюць для імянінніка “Каравай” і жадаюць усяго найлепшага. Усіх забаўляюць клоўны Арышка і Цішка: яны знаёмяцца з дзецьмі і адпраўляюцца разам з імі ў вясёлае гульнявое падарожжа, падчас якога выхаванцы спяваюць песні, гуляюць ў гульні і спаборнічаюць у конкурсах.
Так маленькая, але вельмі яркая падзея ў жыцці дзіцяці запомніцца надоўга. Святкаванне дня нараджэння ў калектыве можа спрыяць вырашэнню розных псіхалагічных праблем і сітуацый, якія ўзнікаюць у дашкольнікаў: сарамлівасць, няўпэўненасць, боязь, цяжкасці ў зносінах з аднагодкамі.
Алена ШЫРАЕВА,
выхавальнік ясляў-сада № 10 Навагрудка