Тыдзень дакладных навук пад назвай “Мудрасць. Інфармацыя. Факты” прайшоў у Рэплеўскім дзіцячым садзе – сярэдняй школе.
Кожны дзень тыдня быў насычаны мерапрыемствамі.
Пачаўся тыдзень са знаёмства з самымі незвычайнымі рэкордамі кнігі Гінэса, якія тычацца матэматыкі, фізікі, геаграфіі, хіміі, біялогіі.
Другі дзень прысвячаўся біялогіі і хіміі, дзе настаўнікам Ірынай Крук былі прапанаваны вопыты для вучняў 2–5 класаў.
Інтэрактыўная гульня “Геаграфічная рэгата” адбылася ў трэці дзень. Дзве каманды з вучняў 9-х і 10-х класаў змагаліся за званне лепшых падарожнікаў і знаўцаў геаграфіі.
“Мастацтва ў лічбавым фармаце” – так называўся арт-крос, які адбываўся ў дзень інфарматыкі. Ілона Малчанава, настаўнік інфарматыкі, прапанавала вучням 6–7 класаў паспаборнічаць у графіцы малюнка на камп’ютары.
А ў пятніцу прайшоў матэматычны вернісаж “Лічы, адгадывай, выйгравай”, на якім вучні 4–6 класаў падарожнічалі па краіне Матыматыка і выконвалі заданні Каралевы гэтай краіны: разгадвалі рэбусы, адказвалі на вясёлыя пытанні, вучыліся рашаць лагічныя задачы.
Завяршыўся тыдзень займальным лабірынтам “З усмешкай па жыцці”, які быў прысвечаны фізіцы. У гэты ж дзень былі падведзены вынікі тыдня, самыя актыўныя ўдзельнікі ўзнагароджаны прызамі і салодкімі падарункамі.
Таццяна РАДЗЕЙКА,
намеснік дырэктара па вучэбна-выхаваўчай рабоце
Рэплеўскага дзіцячага сада – сярэдняй школы
Ваўкавыскага раёна