Па Навагрудчыне прайшоў зорны паход студэнтаў БДПУ імя М.Танка, а ў старшакласнікаў Любчанскай сярэдняй школы ўзніклі пытанні наконт гэтага мерапрыемства: як арганізуецца, навошта, якая задача ўдзельнікаў пахода?
У нас у пасёлку жыве Марыя Іванаўна Машчар, якая 43 гады свайго жыцця аддала педагагічнай справе на Навагрудчыне. Настаўнік фізікі, выдатнік адукацыі і ўдзельнік першага зорнага пахода тады яшчэ Мінскага дзяржаўнага педагагічнага інстытута імя М.Горкага. Менавіта да яе адправіліся нашы юнакі і дзяўчаты, каб атрымаць адказы на свае пытанні.
Марыя Іванаўна з вялікай радасцю ўспамінала студэнцкія гады і свой зорны паход на Віцебшчыну. Студэнты 1966 года ў моцны мароз перамяшчаліся па месцах баявой славы на лыжах. Сустракалі іх людзі ўсюды з любоўю, частавалі. А студэнты ў адзяку ладзілі для іх канцэрты. Шмат цікавых гісторый расказала педагог адзінаццацікласнікам, а потым яны запісалі прывітальнае слова Марыі Іванаўны ўдзельнікам 56-га зорнага паходу студэнтаў БДПУ.
Сустрэчы з цікавымі людзьмі заўсёды акрыляюць. Нашы вучні вырашылі стварыць віртуальны маршрут па месцах баявой славы Любчанскага краю, што дасць магчымасць наведвальнікам Народнага музея Любчанскага краю адправіцца ў віртуальны паход.
Марына ЛЯЎША,
намеснік дырэктара па вучэбнай рабоце
Любчанскай сярэдняй школы
Навагрудскага раёна