У гімназіі Ганцавіч у шосты школьны дзень прайшлі цікавыя інтэрактыўныя заняткі ў рамках тэматычнага месяца па англійскай мове.
Інтэграцыя інфармацыйных і педагагічных тэхналогій стымулюе пазнавальны інтарэс у дзяцей, матывуе да вывучэння замежнай мовы, павышае эфектыўнасць навучання і саманавучання, а таксама якасць адукацыі. Гэта пацвердзілі мерапрыемствы тэматычнага месяца па англійскай мове, якія праводзяцца ў шосты школьны дзень. Яны дазваляюць вучням на практыцы прымяніць свае веды незалежна ад іх узроўню і паверыць у сябе.
Нядаўна шасцікласнікі ўдзельнічалі ў цікавых інтэрактыўных занятках “Запрашаем у Лондан!”. Настаўніца англійскай мовы А.Я.Дайлід з дапамогай электроннага дадатку “Славутасці Лондана” адправілася з вучнямі ў віртуальнае падарожжа, падчас якога яны азнаёміліся з гісторыяй, культурай і грамадскім укладам жыхароў сталіцы Вялікабрытаніі. Акрамя таго, вучні прынялі ўдзел у віктарынах, дзе адгадвалі славутыя мясціны Лондана і сумяшчалі гістарычныя даты з падзеямі. Для самых мэтанакіраваных і актыўных былі арганізаваны дадатковыя заданні.
Пад кіраўніцтвам педагога гімназісты распрацавалі вэб-квест “Інтэрактыўная карта Лондана”, з дапамогай якога здзейснілі віртуальнае падарожжа па горадзе, пазнаёміліся з яго жыхарамі і адказалі на пытанні, што тычыліся гісторыі англійскай сталіцы і яе геаграфічнага размяшчэння.
Падчас інтэрактыўных заняткаў вучні пашырылі веды па краіназнаўстве, гісторыі і традыцыях Вялікабрытаніі, абагацілі маўленчы вопыт.
Наталля АНІШЧАНКА,
намеснік дырэктара па выхаваўчай рабоце
гімназіі Ганцавіч