Навучыць вучыцца ўсё жыццё        

- 14:08МОГИЛЕВЩИНА, Регионы

 

З мэтай развіцця пазнавальных патрэб, арганізацыі пошуку новых ведаў і павышэння эфектыўнасці адукацыйнага працэсу ў сярэдняй школе № 2 Кіраўска імя К.П.Арлоўскага прайшоў метадычны тыдзень “Практыкаарыентаваны ўрок, яго крытэрыі і самааналіз”.

Адна з ключавых якасцей сучаснага педагога – здольнасць захапіць навучэнцаў, скласці цікавае заданне ў праблемнай сітуацыі, паказаць сувязь праблемы з паўсядзённым жыццём, знайсці такую фармуліроўку пытання, каб вучань захацеў самастойна знайсці адказ.

На адкрытых вучэбных занятках педагогі паказалі шмат практыкаарыентаваных заданняў. Гэта заданні, звязаныя з жыццём і практычнай дзейнасцю, заданні “жыццёвага зместу”, а таксама заданні прафарыентацыйнай накіраванасці.

На ўроках матэматыкі дзеці вучыліся эканоміць і вылічаць, складаць дакументы і весці сямейны бюджэт, пазнаёміліся з новымі цікавымі прафесіямі.

На ўроках рускай мовы і літаратуры яны аналізавалі, давалі характарыстыку героям твораў, развівалі ўменне слухаць і ўступаць у дыялог, удзельнічаць у калектыўным абмеркаванні праблем, вызначаць аптымальнае рашэнне, параўноўваць і рабіць высновы.

На ўроках па вучэбных прадметах “Чалавек і свет”, “Біялогія”, “Хімія” навучыліся праводзіць эксперыменты і прэзентацыі, ацэньваць магчымасці і праводзіць экспертызу, складаць меню з улікам калорый, даведаліся шмат карыснай інфармацыі, якая спатрэбіцца ў жыцці.

Дарэчы, уся інфармацыя на занятках была наглядна прадстаўлена ў разнастайным выглядзе – гэта табліцы і схемы, графікі і статыстычныя даныя, карткі і тэсты, тэкставыя заданні і ілюстрацыі. Настаўнікі і навучэнцы таксама актыўна выкарыстоўвалі інтэрактыўную дошку, тэлевізар.

Наш педагагічны калектыў упэўнены, што заданні з паўсядзённага жыцця, звязаныя з фарміраваннем практычных навыкаў, у тым ліку з выкарыстаннем элементаў прафесійнай дзейнасці, неабходна выкарыстоўваць пастаянна на ўсіх вучэбных прадметах, каб навучэнцы змаглі прымяняць свае веды ў паўсядзённасці. Бо школа не павiнна навучыць на ўсё жыццё, яна павінна навучыць вучыцца ўсё жыццё.

Таццяна ЛЫБЗІКАВА,
намеснік дырэктара па вучэбнай рабоце
сярэдняй школы № 2 Кіраўска імя К.П.Арлоўскага

 

Поделиться ссылкой:

Всю ответственность за содержание сведений в методических и информационных материалах, а также за соблюдение авторских прав несут авторы публикаций.

Добавить комментарий