Выхаванцаў старшых груп дашкольнага цэнтра развіцця дзіцяці № 1 Навагрудка мэтанакіравана рыхтуюць да школы.
Школа – гэта зусім новы этап у жыцці дзіцяці. Пазбегнуць перыяду прыстасавання ўчарашняга дашкольніка да школьнага жыцця немагчыма, але часткова палегчыць яго – цалкам рэальная задача.
Акрамя псіхалагічнай падрыхтоўкі з дзецьмі варта выконваць практыкаванні, накіраваныя на ўмацаванне рухомасці пальцаў, развіццё сілы, каардынацыі рухаў. Усё гэта – асноўныя складнікі авалодання пісьмом.
У выхаванцаў старшай групы № 3 дашкольнага цэнтра развіцця дзіцяці № 1 Навагрудка на развіваючых занятках па падрыхтоўцы да школы вялікую цікавасць выклікаюць такія гульні і практыкаванні, як “Маталачка”, “Папялушка”, “Маляванне па кропках”, “Размалёўванне па нумарах”, “Цудоўны мяшочак”. Вельмі любяць яны таксама масаж пальцаў і кісцей рук шарыкамі су-джок і пальчыкавыя гульні.
Практыкаванні па развіцці дробнай маторыкі прыносяць патройную карысць выхаванцам: кісці рук набываюць добрую рухомасць, гнуткасць, знікае скаванасць руху рукі, ідзе падрыхтоўка да авалодання пісьмом. Акрамя гэтага, развіццё маторыкі рук спрыяе развіццю мовы і мыслення дзяцей.
Юлія САСІМ,
педагог-псіхолаг
дашкольнага цэнтра развіцця дзіцяці № 1 Навагрудка