У Шчорсаўскім дзіцячым садзе – сярэдняй школе ўсе з радасцю прымаюць снежную зіму і выдатна сумяшчаюць забавы з добрымі справамі.
Усе ўрокі фізічнай культуры і здароўя ў школе праводзяцца на свежым паветры. Тым больш што навучэнцы з нецярпеннем чакалі снежнай зімы, каб пачаліся заняткі па лыжнай падрыхтоўцы. А пасля ўрокаў нашы дзяўчынкі і хлопчыкі спяшаюцца пакатацца на школьнай лядовай пляцоўцы.
А як жа без добрых спраў! У рамках другога этапа абласной акцыі “Зімовая пара добрых спраў” члены валанцёрскага атрада “Міласэрнасць”, узброіўшыся неабходным інвентаром, наведалі адзінокіх грамадзян сталага ўзросту, а таксама ветэранаў педагагічнай працы, якія пражываюць у аграгарадку Шчорсы. Школьнікі аказалі ім дапамогу ў ачыстцы дваровай тэрыторыі ад снегу.
Не засталіся ў баку ад зімовых забаў і нашы дашкаляты. Свежыя і чыстыя, як марознае паветра, уражанні і веды атрымліваюць выхаванцы дзякуючы зімовай прагулцы. Падчас такіх прагулак мы працягваем знаёміць дзяцей з усім, што адзначае самы халодны час года. Дзеці атрымліваюць выдатны настрой і любуюцца зімовай прыродай.
Анжаліка ЗУБАРАВА,
намеснік дырэктара па выхаваўчай рабоце
Шчорсаўскага дзіцячага сада – сярэдняй школы
Навагрудскага раёна