Прафілактычная сустрэча ў рамках акцыі “Бяспека ў кожны дом” прайшла ў дзіцячым рэабілітацыйна-аздараўленчым цэнтры “Лясная паляна”. Правялі яе супрацоўнікі Смаргонскага раённага аддзела па надзвычайных сітуацыях. Яе мэта – прыцягнуць увагу да пытання пажарнай бяспекі, нагадаць, расказаць, данесці жыццёва важныя правілы.
Старшы інспектар сектара прапаганды і ўзаемадзеяння з грамадскасцю Надзея Вайнілка расказала дзецям пра прафілактычны часопіс “Юны ратавальнік”, пра каштоўную інфармацыю, якую можна знайсці ў мабільным дадатку “МНС Беларусі. Дапамога побач”, у групе ў сацыяльнай сетцы УКантакце “МНС Гродна”, раздала QR-коды. Яна запрасіла дзяцей удзельнічаць у анлайн-гульнях “Хто хоча стаць геніем бяспекі”, “Крокі выратавання”, падарыла даведнікі па бяспецы, буклеты па музеях і цэнтрах бяспекі ў Рэспубліцы Беларусь, а таксама іншую цікавую, карысную і пазнавальную друкаваную прадукцыю.
Супрацоўнікі Смаргонскага раённага аддзела па надзвычайных сітуацыях прадэманстравалі, як працуе аварыйна-выратавальная тэхніка на пажарах, пры выездзе на ДТЗ, навучылі карыстацца вогнетушыцелем, прадэманстравалі спецвопратку ратавальнікаў.
Перад членамі працоўнага калектыву здраўніцы выступіў намеснік начальніка Смаргонскага раённага аддзела па надзвычайных сітуацыях Мікалай Шыш. У сваім выступе ён адзначыў рост выпадкаў пажараў і гібелі людзей на пажарах як у цэлым па рэспубліцы, так і ў Смаргонскім раёне. Ён парэкамендаваў усім усталяваць аўтаномныя пажарныя апавяшчальнікі ў сваіх дамах і кватэрах, расказаў пра спосабы ўстаноўкі, асаблівасці работы прылады. Таксама Мікалай Мікалаевіч нагадаў пра небяспеку, якую нясуць з сабой вясновыя палы травы, абазначыў правілы спальвання смецця.
Выступоўцы падчас сустрэчы ў інтэрактыўнай форме раскрылі прысутным сакрэты пажарнай бяспекі і растлумачылі, якую ролю яны адыгрываюць для прадухілення пажару. Падрабязна спыніліся на частых памылках людзей і паказалі, да якіх наступстваў яны могуць прывесці. Асаблівую ўвагу ўдзялілі пытанню курэння ў ложку. Супрацоўнікі РАНС зарыентавалі ўдзельнікаў гутаркі па знаках эвакуацыі.
Святлана ІЗАФАТАВА,
выхавальнік
дзіцячага рэабілітацыйна-аздараўленчага цэнтра “Лясная паляна”
Смаргонскага раёна