Магчымасць уключэння навучэнцаў з умеранай і цяжкай інтэлектуальнай недастатковасцю ў даступную па змесце працоўную дзейнасць, безумоўна, вызначае мэтазгоднасць і неабходнасць яе фарміравання. Тым самым забяспечваецца самастойнасць і сацыяльная інтэграцыя навучэнцаў Рэчыцкага раённага цэнтра карэкцыйна-развіццёвага навучання і рэабілітацыі. У такім аспекце ўрокі гаспадарча-бытавой працы, якія з’яўляюцца неад’емнай часткай вучэбнага працэсу, як нельга лепш спрыяюць гэтаму.
Для правядзення вучэбных заняткаў у Рэчыцкім цэнтры карэкцыйна-развіццёвага навучання і рэабілітацыі створаны і абсталяваны неабходнай тэхнікай кабінет сацыяльна-бытавой арыенціроўкі. З боку настаўніка забяспечваецца строгі кантроль за выкананнем практычных работ. Папярэдне выхаванцам тлумачацца санітарна-гігіенічныя правілы і правілы бяспекі пры іх выкананні.
У другім паўгоддзі мы робім упор на фарміраванне ўменняў па падрыхтоўцы простых страў з даступных і знаёмых прадуктаў. Такія ўменні, як нарэзка мясных прадуктаў і гародніны, надзіранне сыру і яек, несумненна, спатрэбяцца дзецям у іх далейшым жыцці. А колькі розных бутэрбродаў і закусак можна прыгатаваць з таго, што ёсць пад рукой!
Выхаванцы цэнтра на практыцы навучыліся з адных і тых жа прадуктаў гатаваць розныя стравы: салаты, начынне для блінцоў і тарталетак, бутэрброды на шпажках – канапэ.
Сапраўднае задавальненне дастаўляе дзецям канчатковы вынік, калі яны спрабуюць свае кулінарныя шэдэўры. Урокі гаспадарча-бытавой працы па праве лічацца важнымі і патрэбнымі, а сярод дзяцей – самымі любімымі. Карпатлівая, сістэматычная, планамерная работа ў гэтым кірунку спрыяе паспяховаму фарміраванню жыццёва-неабходных і сацыяльна-бытавых навыкаў у дзяцей з цяжкімі і множнымі парушэннямі.
Вольга ВЫСОЦКАЯ,
настаўнік класа
Рэчыцкага раённага цэнтра
карэкцыйна-развіццёвага навучання і рэабілітацыі