Арцёмава планета альбо як зацікавіць дзяцей космасам

- 12:20ГРОДНЕНЩИНА, Регионы

 

Цікава і пазнавальна прайшоў у дашкольным цэнтры развіцця дзіцяці № 1 Зэльвы тэматычны тыдзень “Пазнаем космас”.

На працягу тэматычнага тыдня я надавала ўвагу розным аспектам тэмы. (Паглядзі на неба. Здаецца, яно зусім блізка – працягні руку і дакранешся да сонца або месяца, ну а калі залезці на верхавіну высокага дрэва, то і зусім апынешся побач з імі. Але на самой справе гэта не так. Ні мы сваёй рукой не можам дацягнуцца да неба, ні дрэвы сваімі верхавінамі. Сонца, месяц і зоркі вельмі далёка ад нас. Гэта вялікія планеты, да якіх трэба ляцець на касмічным караблі). І ўбачыла цікавасць і пазнавальны інтарэс. Мае выхаванцы пачалі развівацца і пазнаваць шмат новага, бо дашкольнікі ва ўзросце 5–6 гадоў вельмі дапытлівыя і любяць слухаць пра такія рэчы.

Асабліва дзецям цікава было даведвацца пра планеты ў індывідуальным парадку (спытаць у мамы альбо таты, знайсці ў энцыклапедыі, інтэрнэце і г.д.), а затым распавесці пра гэта сваім сябрам у дашкольным цэнтры. І вось кожную раніцу (на прагулцы, увечары) малыя дзяліліся “здабытымі самастойна” ведамі пра космас. З паведамленняў сваіх аднагодкаў дзеці хутка запомнілі, што ў Сонечнай сістэме восем планет. Усе яны круцяцца вакол Сонца, прычым пастаянна па адным і тым жа шляху, які называецца арбітай. І адна з гэтых планет – наша Зямля.

Самым цікавым дзеці вызначылі паведамленне Арцёма Рудога пра Сонца. Хлопчык паказаў і расказаў, што Сонца – гэта вялікая і вельмі гарачая планета, гэта зорка, велізарны, распалены шар. Яна вельмі далёка, але цяпло ад яе прамянёў даходзіць да ўсіх акружаючых яе планет, і да нашай таксама. Менавіта таму ў нас цёпла. Не ўсе зоркі такія, як Сонца. Бываюць і маленькія зорачкі, і сярэднія, і велізарныя – больш Сонца. Самыя яркія сярод усіх зорак на небе – Палярная зорка і Сірыус. Сонца намнога больш нашай планеты. Калі параўнаць іх, то гэта нібы кавун і маленькая гарошына. Усе планеты Сонечнай сістэмы менш Сонца. Самая вялікая з іх – Юпітэр. А самая цікавая – Сатурн, таму што мае велізарныя кольцы вакол.

Каб запомніць назвы ўсіх планет Сонечнай сістэмы, з дзецьмі мы вывучылі невялікі вершык-лічылку. А яшчэ яны запомнілі назвы планет па імёнах дзяцей, якія рыхтавалі паведамленні, яны так і называлі – Сонца – Арцёмава планета, Сатурн – Алёшына планета…

З асаблівай цікавасцю і любоўю пра сваю планету Зямля дзецям распавядала Віка Нядвецкая. Дзяўчынка растлумачыла, што з усіх планет Сонечнай сістэмы жыць мы можам толькі на Зямлі, таму што тут ёсць паветра, вада, і тут патрэбная нам для жыцця тэмпература. Калі паглядзець на нашу планету з космасу, яна здаецца блакітнай. На ёй бачныя акіяны і мацерыкі (суша). Я прапанавала дзецям вельмі цікавы і пазнавальны мультфільм “Геаграфія для самых маленькіх”. Там гаворыцца і пра космас, але шмат увагі надаецца нашай планеце.

Вынікі сваіх першаадкрыццяў пра планеты і космас мы падвялі падчас забавы “Падарожжа па арбіце касмічных планет”. Дзеці паспяхова вырашалі касмічны дыктант (арыентыроўка на лісце паперы), з задавальненнем каштавалі “касмічную ежу”, пазнаёміліся з госцем Юпікам з планеты Плутон, які расказаў дзецям пра сваю планету, і дзяліліся новымі ведамі пра “свае” планеты.

Я пазнаёміла дзяцей з новымі ведамі: што не толькі планеты круцяцца вакол Сонца. Ёсць яшчэ і каметы, і астэроіды. Часам каметы пралятаюць недалёка ад Зямлі і іх можна ўбачыць. Хвост каметы – гэта газ і пыл. На небе вельмі шмат зорак, але ёсць некаторыя групы зорак, якія навукоўцы назвалі сузор’ямі. Сузор’е – гэта некалькі зорак, якія разам вельмі падобныя на нейкую фігуру. Сузор’яў вельмі багата. Расказала дзецям, што12 з іх – самыя галоўныя. А вось якія яны – гэта новае даследванне маіх “чамучак”.

Маю группу наведвае 15 выхаванцаў старэйшага дашкольнага ўзросту. Кожнае дзіця – асоба, са сваімі інтарэсамі, задаткамі і пазнавальнымі здольнасцямі. І для сябе, як педагога дашкольнай адукацыі, я кожны дзень стаўлю задачу: зрабіць адукацыйны працэс цікавым, займальным, пазнавальным і навучальным для кожнага і для ўсёй групы разам. А дапамагае мне ў гэтым індывідуальная работа з выхаванцамі і іх бацькамі.

Кацярына ЛАМЕКА,
выхавальнік дашкольнай адукацыі
дашкольнага цэнтра развіцця дзіцяці № 1 Зэльвы

 

Поделиться ссылкой:

Всю ответственность за содержание сведений в методических и информационных материалах, а также за соблюдение авторских прав несут авторы публикаций.

Добавить комментарий