У яслях-садзе № 4 Ганцавіч праводзяцца беларускамоўныя дні. Засвойваючы родную мову, выхаванцы знаёмяцца з духоўнымі каштоўнасцямі свайго народа, авалодваюць скарбамі нацыянальнай культуры.
Дашкольнае дзяцінства – важная пара ў жыцці чалавека. Менавіта ў гэтым узросце фарміруюцца пазнавальныя інтарэсы, здольнасць да складаных відаў дзейнасці, выяўляецца і развіваецца творчы патэнцыял. Акрамя таго, дашкольнае выхаванне закладвае асновы моўнай культуры.
Адзін з важных шляхоў творчага пазнання рэчаіснасці – казка, у якой увасоблены мудрасць і мастацкі талент народа, глыбокі роздум чалавека над жыццём, яго вопыт, назіранні за навакольнымі з’явамі. Казка вучыць сумленнасцi, сцiпласцi, працавiтасцi, душэўнай чуласцi i дабрынi, уплывае на мову, дапамагае адчуць прыгажосць роднага слова, умацоўвае жыццялюбства і аптымізм, развівае ўяўленне, абуджае творчыя здольнасці. Дзякуючы казцы дзеці пазнаюць свет не толькі розумам, але і сэрцам.
У рамках беларускамоўнага дня музычны кіраўнік Н.І.Жыгун з выхавальнiкамi сярэдняй групы зладзілі інсцэніроўку казкі “Зайкава хатка”, галоўнымі героямі якой сталі Зайка, Ліса, Воўк, Мядзведзь і Певень. Напрыканцы дзеці праспявалі песню пра дружбу.
Мерапрыемства пакінула шмат яркіх уражанняў і падарыла добры настрой.
Ніна ЖЫГУН,
музычны кіраўнік
ясляў-сада № 4 Ганцавіч