Тыдзень МІФ

- 17:35ГРОДНЕНЩИНА, Регионы

 

Тое, што ў школе пачаўся тыдзень матэматыкі, інфарматыкі і фізікі, навучэнцы сярэдняй школы № 1 Смаргоні зразумелі, ледзь пераступіўшы парог навучальнай установы ў панядзелак. Школа “дыхала” матэматыкай. Дзверы навучальных кабінетаў упрыгожвалі партрэты вялікіх матэматыкаў і выказванні пра царыцу навук. Інфармацыйныя стэнды прапаноўвалі вучням займальныя задачы, рэбусы і крыжаванкі.

У гэты ж дзень быў аб’яўлены конкурс насценгазет, а ўжо ў аўторак школу ўпрыгожвала дзіцячая творчасць. Цікавыя, маляўнічыя, арыгінальныя, пазнавальныя газеты сталі прадметам цікавасці многіх школьнікаў. Наогул, цяпер на перапынку сапраўды было не да нуды: дзеці бурна абмяркоўвалі рашэнні галаваломак, параўноўвалі адказы, спрачаліся і радаваліся знойдзенаму вырашэнню.

Вучні 5-х класаў сталі ўдзельнікамі дыстанцыйнай алімпіяды “Школа дакладных навук”. А займальная віктарына па матэматыцы для 6-х класаў прынесла масу станоўчых эмоцый і была вельмі пазнавальнай. Дзеці праявілі не толькі веды па матэматыцы, але і хуткасць рэакцыі, логіку, уменне працаваць у камандзе. У гэты дзень таксама адбыўся конкурс мудрацоў “МІФічныя анаграмы” для 7-х класаў.

Сярод навучэнцаў 9-х класаў прайшла гульня ў Клубе вясёлых і знаходлівых. Гульня была прысвечана тэме “Асновы дынамікі”. Незвычайна падвялі вынік гульні вядучыя: “КВЗ – краіна, пад уздзеяннем якой уся людская маса дысацыюе на балельшчыкаў і ўдзельнікаў гульні. Удзельнікі каманды, якая выйграла, зараджаныя “ + ”, якая прайграла – “ – ”. Журы – электранейтральнае”.

Навучэнцы пачатковых класаў сталі актыўнымі ўдзельнікамі тыдня матэматыкі. У пятніцу адбыўся інтэлектуальны марафон “Матэматыка ў нашым жыцці”. Тры каманды паказалі сваю знаходлівасць, кемлівасць, уменне разважаць і знаходзіць дакладнае рашэнне. Асаблівую цікавасць выклікалі займальныя задачы, задачы, звязаныя з жыццём, з казачным сюжэтам. Інтэлектуальны марафон яшчэ раз пацвердзіў словы М.В.Ламаносава: “Матэматыку ўжо затым вучыць патрэбна, што яна розум у парадак прыводзіць”.

Цікава прайшлі гульні “Матэматычны калейдаскоп” і “Магія лікаў” для зборных каманд 7–11-х класаў, а віктарына “Выказванні вялікіх фізікаў і матэматыкаў” для 8-х класаў патрабавала лагічнага мыслення і шырокага кругагляду.

На працягу тыдня навучэнцам дэманстраваліся ролікі “Займальныя матэматыка, інфарматыка, фізіка”.

Увесь тыдзень навучэнцы былі ўключаныя ў разнастайныя інтэлектуальныя конкурсы, віктарыны, гульні. Яркім завяршэннем тыдня стала квест-гульня “МІФічная эстафета”. Удзельнікі квеста павінны былі прайсці чатыры станцыі: “Шарады”, “Матэматычныя загадкі”, “Рэбусы”, “Галаваломкі”. У гульні спаборнічалі дзве каманды – “Квадрат” і “Прызма”. Перамагла каманда “Прызма”, якая набрала 21 бал, а каманда “Квадрат” набрала 17 балаў. Самымі актыўнымі ўдзельнікамі сталі шасцікласніцы Ангеліна Праскурнікава і Дар’я Панцюхова, Ігар Урбановіч з 5 “Б” класа і Лізавета Дольнікава з 7 “Б” класа. Дзеці праявілі не толькі веды па матэматыцы, але і хуткасць рэакцыі, логіку, уменне працаваць ва ўмовах абмежаванага часу.

Тыдзень матэматыкі, інфарматыкі і фізікі падарыў навучэнцам шмат станоўчых эмоцый і стаў вельмі пазнавальным.

Жанна ЛУМПІЕВА,
настаўнік інфарматыкі
сярэдняй школы № 1 Смаргоні

 

Поделиться ссылкой:

Всю ответственность за содержание сведений в методических и информационных материалах, а также за соблюдение авторских прав несут авторы публикаций.

Добавить комментарий