У рамках тэматычнага месяца англійскай мовы для пяцікласнікаў гімназіі Ганцавіч былі зладжаны гульні-квесты.
Вывучэнне замежнай мовы ў школе – умова яе паспяховага асваення і выкарыстання ў будучыні. Авалодаць замежнай мовай дапамагае пазаўрочная дзейнасць, якая збліжае настаўніка і вучняў, паглябляе веды і пашырае ўяўленні, развівае цікавасць да прадмета.
Падчас гульні-квесту на працягу тыдня хлопчыкі і дзяўчынкі праходзілі розныя выпрабаванні (удзельнічалі ў конкурсе фотаздымкаў і відэаролікаў “Я люблю англійскую мову”, стваралі творчыя работы “Англійская мова ў гімназіі”, рыхтавалі цікавыя відэаматэрыялы), па выніках якіх атрымлівалі “скарбы” і магчымасць трапіць на фінальнае мерапрыемства – гульню-квест “Treasure Island”, арганізаваную ў стылі пірацкай вечарынкі з адпаведным дрэс-кодам і капітанам.
Вучні выконвалі заданні згодна з маршрутам на карце. Для паспяховага праходжання квесту патрабаваліся ўважлівасць, здагадлівасць, уменне працаваць з інфармацыяй. Дзяцей чакалі на станцыях розныя конкурсы і віктарыны, якія правяралі навыкі гаварэння, аўдзіравання і чытання.
Тэматычны месяц – гэта выдатная магчымасць актывізаваць педагогаў і вучняў, далучыць іх да сумеснай дзейнасці па вывучэнні пэўнага прадмета на базавым і павышаным узроўні.
Паліна РАДЗЮК,
настаўнік англійскай мовы
гімназіі Ганцавіч