У рамках тэматычнага тыдня ў дашкольным цэнтры развіцця дзіцяці № 1 г. п. Зэльва прайшлі пазнавальныя гутркі, тэматычныя заняткі-экскурсіі ў музейны пакой, дзе выхаванцы старшай групы пазнаёміліся з нацыянальнай культурай, традыцыямі беларусаў, з беларускім ручніком і яго арнаментам.
Выхаванцы даведаліся, што ручнікі, разам з посцілкамі і абрусамі, мы называем вялікім скарбам, бо ручнік – гэта не проста кавалак тканіны, якім выціраюць твар і рукі. На Беларусі шмат звычаяў, звязаных з выкарыстаннем ручнікоў. На ручніку падносяць хлеб-соль, калі вітаюць дарагіх гасцей, таму што ручнік – сімвал чысціні, цяпла беларускай зямлі і роднай хаты.
Дзеці выказвалі свае меркаванні, для чаго людзям патрэбны ручнікі, з ціквасцю пазнаёміліся з мультымедыйнай прэзентацыяй “Адкуль прыйшоў да нас ручнік”. Малым расказалі, што, каб ручнік атрымаўся, трэба папрацаваць. Праца гэта нялёгкая, таму ў народзе існуе шмат прымавак і прыказак пра працу. Разам з педагогам выхаванцы ўспаміналі прымаўкі, даведаліся, што ручнік вырабляецца з лёну, а пасля хлопчыкі і дзяўчынкі пасеялі лянок з песняй “Ох і сеяла Ульяніца лянок!”, прачыталі вершы.
Самым жа цікавым і важным для дзяцей сталі апавяданні пра ручнікі, якія вырабілі іх прабабулі. Выхаванцы загадзя прынеслі ручнікі для занятку і вельмі радасна прадстаўлялі іх сваім сябрам. Далей дзяўчынка Віка звярнула ўвагу дашкалят на тое, што ўзоры на ручніках вышыты рознымі колерамі і растлумачыла, што які колер абазначае. А выхавальнік распавяла малым легенду пра тое, чаму нашу радзіму называюць Белай Руссю.
Вольга АРЦЮХ,
выхавальнік дашкольнай адукацыі
дашкольнага цэнтра развіцця дзіцяці № 1 г. п. Зэльва