Яркімі і запамінальнымі атрымаліся тэатральныя пастаноўкі вучняў 7–9-х класаў Хадосаўскай базавай школы Камянецкага раёна, зробленыя па творах М.В.Гогаля “Ноч перад Калядамі” і “Рэвізор”.
Аповесць “Ноч перад Калядамі” дыхае вялікай любоўю аўтара да простага чалавека, тонкім гумарам, паэтычным адлюстраваннем украінскага народа. Нездарма гэты твор выклікае ў школьнікаў асаблівую цікавасць. Дзецям падабаюцца смелы каваль Вакула і прыгажуня Аксана. Самыя яркія эпізоды ўзаемаадносін герояў былі паказаны ў тэатральнай пастаноўцы.
У камедыі “Рэвізор” аўтар умела раскрывае побыт і норавы правінцыйнага горада. Асоба Хлестакова выходзіць далёка за межы канкрэтнай эпохі і пазнавальная ў наш час. Школьнікі ўявілі сябе ў ролі персанажаў вядомага гогалеўскага твора.
Каб ажыццявіць задуманае, давялося шмат папрацаваць. Дзеці завучвалі рэплікі герояў з адпаведнай інтанацыяй, адточвалі рухі і жэсты…
Дзякуючы шматлікім рэпетыцыям, пастаноўкі атрымаліся цікавымі, вясёлымі і маляўнічымі. Гледачы ўважліва сачылі за ходам падзей на сцэне, высока ацанілі прыгожыя касцюмы і дэкарацыі і ўзнагародзілі самадзейных артыстаў заслужанымі апладысментамі.
На дасягнутым мы не спыняемся. Наперадзе новыя цікавыя пастаноўкі!
Наталля ДАНЦЭВІЧ,
настаўнік рускай мовы і літаратуры
Хадосаўскай базавай школы
Камянецкага раёна