- ГРОДЗЕНШЧЫНА, Рэгiёны

Вiншавальныя паштоўкi да Дня абаронцы Айчыны

 

Напярэдадні Дня абаронцаў Айчыны і Узброеных Сіл Рэспублікі Беларусь у дзіцячым садзе 2 Свіслачы пануе перадсвяточная мітусня. Педагогі разам з дзецьмі адказна рыхтуюць урачыстыя мерапрыемствы, рэпеціруюць вывучаныя танцы, паўтараюць вершы і песні, запісваюць цёплыя відэавіншаванні, упрыгожваюць групы і музычную залу, робяць сваімі рукамі падарункі.

Хлопчыкі і дзяўчынкі, якія наведваюць гурток “Вясёлая палітра”  загадзя падрыхтавалі віншавальныя “хэндмэйд-паштовачкі”.

Занятак у гуртку пачаўся з пазнавальнай гутаркі пра надыходзячае свята і пра тое, што мужчынам таксама можна дарыць кветкі, але толькі тыя, якiя вызначаны этыкетам: вяргіні, герберы, касачы, сланечнікі, гваздзікі і іншыя.

Дзецям было прапанавана ўпрыгожыць малюнкам віншавальную паштоўку: унутры загадзя падрыхтаванага i складзенага напалову кардоннага ліста з прарэзам у выглядзе зорачкі звонку, выкарыстоўваючы нетрадыцыйныя тэхнікі малявання, адлюстраваць крыштальную вазу з букетам чырвоных гваздзік.

Хлопчыкі і дзяўчынкі, уважліва разгледзеўшы ўзор паштоўкі, прыйшлі да высновы, што некаторыя тэхнікі ім ужо знаёмыя, а з новай тэхнікай ім трэба было пазнаёміцца падчас стварэння малюнка.

Пальчыкавая гімнастыка “Садовыя кветкі” перад пачаткам творчага працэсу спрыяла падрыхтаванню ручак дашкалят да працы.

Задача намаляваць крыштальную вазу ў тэхніцы “друкаванне штампам, выразаным з пупырчатай плёнкі” з’яўлялася новай, але пасільнай і цікавай. Пры дапамозе пэндзліка гуашшу неабходна было пакрыць штамп з аднаго боку і зрабiць яго адбiтак унутры паштоўкі, злёгку прыціснуўшы далонню. Гурткоўцы выдатна справіліся з выкананнем новай тэхнікі малявання, у выніку чаго на паштоўках з’явіліся блакітныя крыштальныя вазы.

Пасля фізкультурнай хвілінкі “Кветка” праца была працягнута. Маленькія творцы захоплена малявалі пэндзлікам сцяблінкі і лісточкі, падушачкай пальчыка ставілі адбітак, атрымліваючы выяву кубачка гваздзiкі. Гэта не склала дзецям цяжкасці, бо тэхніка ўжо апрабаваная імі ў такіх малюнках як “Восеньскае дрэва”, “Першы снег” і інш.

Затым надышоў самы вясёлы для дашкалят працэс: гуашшу намаляваць бутоны гваздзік у тэхніцы “маляванне пластыкавым відэльцам”. Гурткоўцы на папярэдніх занятках ужо спрабавалі маляваць відэльцам вожыка на траве і навагоднюю ялінку.

Напрыканцы дзецям заставалася зрабіць пры дапамозе зубной шчоткі каляровы напырск, каб надаць вырабленым паштоўкам святочны яркі выгляд. Гэты апошнi штрых дзецi выканалi з лёгкасцю, бо яны карысталіся гэтай тэхнікай, малюючы зорны россып і падаючы снег на папярэдніх занятках. Малым была прадастаўлена свабода выбару колеру фарбаў і іх колькасці пры стварэнні фону паштоўкі. Вось дзе прастор для дзіцячай фантазіі, развіцця ўяўлення, праявы ініцыятывы і самастойнасці, выказвання індывідуальнасці!

У выніку займальнай і зачаравальнай творчай дзейнасці, якая прымушала дзяцей задумвацца над працэсам стварэння ўнікальных падарункаў, здзіўляла і захапляла, атрымаліся маленькія шэдэўры. З велізарным задавальненнем і цікавасцю гурткоўцы разглядалі iх, давалi станоўчую ацэнку работам адно аднаго.

“Хэндмэйд-паштовачкі” атрымалiся сiмпатычнымi i душэўнымi, кранальнымi і мілымi, бо ў працэсе стварэння юныя мастакі ўклалі ў іх часцінку сваёй дзіцячай душы і цяпло сваіх маленькіх ручак.

Наталля БОЙКА,
кіраўнік гуртка “Вясёлая палітра”
ясляў-сада № 2 Свіслачы

 

Поделиться ссылкой:

+1

Добавить комментарий