Век жыві, мая родная мова

- 14:27ГРОДНЕНЩИНА, Регионы

 

Штогод 21 лютага ва ўсім свеце адзначаецца Міжнародны дзень роднай мовы. Вучні і настаўнікі сярэдняй школы № 3 Навагрудка гучна адзначаюць гэтае свята, не забываюцца пра тое, што наша мова прыгожая, мілагучная, мяккая і ў той жа час яскравая, звонкая, моцная. На кожны выпадак знойдзецца ў ёй і патрэбнае слова, і трапны фразеалагізм. На гэтай мове размаўлялі нашы дзяды і прадзеды, за яе змагаліся нашыя продкі. Гэта мова нашай зямлі, нашых рэк, азёраў і лясоў. На жаль, беларускую мову мы не часта чуем на вуліцах.

Каб прывіць вучням цікавасць і любоў да роднай мовы, у нашай школе праходзіць тэматычны тыдзень. У гэтым годзе вучні прынялі актыўны ўдзел у акцыі “Рускай мове дай разгрузку, гавары са мной па-беларуску”. Моладзь яшчэ раз зразумела, што без мовы не будзе беларускага народа. Хацелася б, каб беларуская мова гучала заўсёды з нашых вуснаў, каб яна заставалася такой мілагучнай, каб яе пачулі нашы нашчадкі.

Пяцікласнікаў зацікавіў турнір “Знаўца беларускай мовы”. Былі прапанаваны пытанні на розныя тэмы, звязаныя з вывучэннем беларускай мовы і літаратуры, этнаграфіі, культуры, навукі і прыроды Беларусі. Для вучняў старшых класаў быў арганізаваны паэтычны чэлендж “Мова” з удзелам членаў маладзёжнага парламенту.

У кожнага чалавека родная мова абслугоўвае розныя сферы яго дзейнасці. Якім можа быць слова ў вуснах чалавека, гэта мы высветлілі ў час гульні-віктарыны “Век жыві, мая родная мова”. Гульня праводзілася паміж вучнямі 7–8-х класаў, камандамі “Песняры” і “Васількі”, у конкурсах “Свет роднага слова”, “Ці ведаеш ты?”, “Лексічная хвілінка”. Асаблівую ўвагу ў ходзе мерапрыемства надалі абароне праектаў. Госці прыслухоўваліся да нашай пявучай мовы, а мы адчувалі ў душы вялікі гонар за сваю Радзіму, Бацькаўшчыну.

Хочацца, каб часцей гучала наша “калі ласка”, бо слова роднае, як і думку, нішто не можа стрымаць і абмежаваць. З гэтай мэтай для вучняў старшых класаў працаваў адкрыты мікрафон, дзе абмяркоўваліся такія пытанні: “Чаму беларусы рэдка размаўляюць па-беларуску?”, “Як выратаваць родную мову?”

У школьняй бібліятэцы вучні пад кіраўніцтвам настаўнікаў арганізавалі завочнае падарожжа па творчасці пісьменнікаў-юбіляраў (К.Крапівы, І.Шамякіна, І.Мележа). А вось конкурс малюнкаў па творах беларускіх пісьменнікаў, які падрыхтавалі вучні 6-х класаў, здзівіў усіх і выклікаў захапленне. Буслы, бясконцыя палі, блакітнае неба з вясёлкай, магутныя зубры, празрыстыя азёры паўставалі з малюнкаў як жывыя сведкі.

Усе мерапрыемствы, прысвечаныя дню роднай мовы, былі прасякнутыя клопатам пра тое, каб выхаваць у вучняў беражлівыя адносіны да мастацкага слова, да роднай мовы, гісторыі і культуры беларускага народа. Галоўнае, што вучні ўсвядомілі: наша беларуская мова жывая і сапраўдная, і калі будзе жыць мова – будзе жыць Беларусь. І таму кожны, хто тут нарадзіўся і жыве на сваёй малой радзіме, павінен не толькі дасканала моваю валодаюць, але і шанаваць яе і захоўваць для нашчадкаў.

Зоя БЕЛУШ,
настаўнік беларускай мовы і літаратуры
сярэдняй школы № 3 Навагрудка

 

Поделиться ссылкой:

Всю ответственность за содержание сведений в методических и информационных материалах, а также за соблюдение авторских прав несут авторы публикаций.

Добавить комментарий