У сярэдняй школе № 5 Смаргоні прайшоў “Тыдзень дэфекталогіі”. Да яго падрыхтоўкі далучыліся не толькі навучэнцы, якія наведваюць карэкцыйныя заняткі, але і іх бацькі (нават дзядулі і бабулі), выхавальнікі групы падоўжанага дня і настаўнікі.
Навучыць дзяцей правільна вымаўляць гукі, гаварыць выразна, каб іх разумелі – першачарговая задача настаўніка-дэфектолага. А яшчэ трэба давесці маўленчыя навыкі да аўтаматызму, каб умець карыстацца імі ў жыцці. Гэтая задача не з лёгкіх!
Як зрабіць так, каб вучні кантралявалі сваё маўленне? Вядома ж, падключаць да гэтага працэсу бацькоў, настаўнікаў і выхавальнікаў. Бо найлепшыя вынікі назіраюцца там, дзе ўсе дзейнічаюць узгоднена. А што яшчэ?.. Выхад знойдзены: зладзіць свята! Ды яшчэ такое, якое доўжыцца цэлы тыдзень!
Падчас тыдня дэфекталогіі мы разам выпусцілі насценгазеты “Лагапедычная мазаіка”, удзельнічалі ў конкурсе малюнкаў “Умеюць рыкаць, шыпець, свістаць…”, у гульнявых праграмах “Разгадваем рэбусы і маўленчыя галаваломкі разам”, віктарыне “Мовазнайка”. Сумесна з педагогам-псіхолагам школы праведзены карэкцыйныя заняткі “Шмат ведаем, маўленне развіваем”, мэтай якіх было развіццё маўлення і эмацыянальна-валявой сферы.
Такім чынам, штодня хлопчыкаў і дзяўчынак чакала шмат цікавых спраў. Дзеці мелі магчымасць прадэманстраваць свае ўменні і атрымалі масу эмоцый. Насценгазеты, створаныя навучэнцамі і іх педагогамі, прыцягвалі ўвагу школьнікаў займальнымі практыкаваннямі, загадкамі і рэбусамі. Вучні з задавальненнем выконвалі іх і дэманстравалі аднакласнікам свае маўленчыя магчымасці. А яшчэ можна было пачуць словы дзяцей, сказаныя з гонарам: “А вы ведаеце, што гэтую газету зрабілі мы?!”. А конкурсы і маўленчыя гульні захапілі дзяцей так, што яны прасілі: “А давайце яшчэ пагуляем…”. А для педагога самая вялікая радасць – бачыць захопленыя вочы навучэнцаў!
І вось вынік: вучні імкнуцца гаварыць выразна, правільна прамаўляючы гукі і, вядома ж, поўнымі і правільна пабудаванымі сказамі. А яшчэ ў іх засталіся цудоўныя ўражанні, звязаныя са святам, якое доўжылася тыдзень. Як жа можна забыць пра цікавыя мерапрыемствы з павучальнымі вершамі, песенькамі, сцэнкамі, малюнкамі, насценгазетамі і займальнымі заданнямі?! Вось так, у прыўзнятым настроі, і праляцеў тыдзень. У наступным годзе мы абавязкова прыдумаем яшчэ што-небудзь цікавае, каб парадаваць вучняў, бо ў нашай школе праводзіць тыдзень дэфекталогіі стала прыемнай традыцыяй.
Вольга ФРАЛОВА,
настаўнік-дэфектолаг
сярэдняй школы № 5 Смаргоні