У сярэдняй школе № 2 Магілёва прайшла творчая сустрэча навучэнцаў 9 “Б” класа з журналістам інфармацыйнага агенцтва “Магілёўскія ведамасці”, аўтарам шматлікіх карыкатур Аляксандрам Пятровічам Булаем.
Захапленне карыкатурай у Аляксандра Пятровіча пачалося ў дзяцінстве, калі ён пачаў маляваць шаржы на аднакласнікаў. Настаўнік выяўленчага мастацтва парэкамендавала яму перайсці ў нашу школу, тады яна называлася сярэдняй школай № 2 з архітэктурна-мастацкім ухілам. Але не склалася. Далей талент мастака праявіўся ў Магілёўскім педагагічным інстытуце на фізіка-матэматычным факультэце. Сшыткі Аляксандра Булая з карыкатурамі “хадзілі” па радах аднакурснікаў і ўздымалі настрой. Першая карыкатура была надрукаваная ў газеце “Знамя юности” у чэрвені 1993 года, калі аўтару было 23 гады. Карыкатуры сталі для Аляксандра Булая своеасаблівым пропускам у вялікую журналістыку: у кастрычніку 1996 ён стаў супрацоўнікам абласной газеты “Магілёўская праўда”.
Многія карыкатуры Аляксандра Пятровіча былі надрукаваныя на старонках выданняў “15 сутак”, “Вожык”, “Магілёўскія ведамасці”. Карыкатуры А.Булая ўдзельнічаюць у міжнародных выставах у Польшчы, Літве, Германіі, Бельгіі.
Школьнікі з цікавасцю слухалі пра творчасць мастака-карыкатурыста, разглядалі яго самыя цікавыя карыкатуры, задавалі пытанні. Аляксандр Пятровіч распавёў гісторыі стварэння некаторых прадстаўленых работ. Творчая сустрэча праходзіла весела: і дзеці, і аўтар шмат жартавалі, разглядаючы творы.
Пасля размовы вучні паспрабавалі сябе ў ролі мастакоў-карыкатурыстаў і стварылі карыкатуры на такія актуальныя тэмы, як “Залежнасць сучаснага чалавека ад інтэрнэту і тэлефона”, “Барацьба з лішняй вагой”, “Змена клімату” і г.д. Карыкатуры навучэнцаў, на думку А.Булая, атрымаліся выразнымі і выкананы на высокім мастацкім узроўні. І гэта зразумела, бо навучэнцы на працягу дзевяці гадоў вывучаюць асновы малюнка, кампазіцыі, графікі.
Усе вучні выказалі сваю падзяку Аляксандру Пятровічу, пажадалі аўтару творчых поспехаў і новых работ. Мы спадзяемся на новую сустрэчу і новы майстар-клас ад Аляксандра Булая. Бо так выдатна навучыцца прафесійна маляваць карыкатуры!
Ларыса ЯКАЎЛЕВА,
настаўнік выяўленчага мастацтва
сярэдняй школы № 2 Магілёва