Выхаванне беражлівых адносін да роднай мовы, захапленне яе прыгажосцю і мілагучнасцю, фарміраванне культуры мовы і матывацыі да чытання твораў беларускіх аўтараў – прыярытэтны накірунак пры арганізацыі пазакласнай работы для настаўнікаў беларускай мовы і літаратуры Навадворскай сярэдняй школы Свіслацкага раёна.
Сістэматычная пазакласная работа па беларускай мове і літаратуры вядзецца на працягу навучальнага года, штогод у лютым праводзіцца тыдзень беларускай мовы і літаратуры. Ён заўсёды прыпадае на трэці тыдзень месяца, бо 21 лютага адзначаецца Міжнародны дзень роднай мовы.
Сёлета ў рамках тыдня вучням 5–11-х класаў было прапанавана прыняць удзел у інтэлектуальна-пазнавальнай гульні “Слоўная перастрэлка”, гульні-конкурсе “Залацінкі мудрасці народнай”, інтэлектуальным марафоне “Я ведаю”, літаратурным брэйн-рынгу “Любі, шануй, ведай роднае слова!”, таксама была арганізавана выстава малюнкаў да твораў беларускіх пісьменнікаў. Хлопчыкі і дзяўчынкі сталі ўдзельнікамі чэленджа “Мова”, акцыі “Мілагучная родная мова”. Падчас правядзення тыдня былі наладжаны выставы кніг пісьменнікаў-юбіляраў Кандрата Крапівы, Івана Мележа, Івана Шамякіна. Літаратурная гасцёўня “Хата Кандрата на смех і жарты багата” запрасіла вучняў 6–11-х класаў, дзе ўсе пазнаёміліся з цікавымі фактамі біяграфіі нашага славутага байкапісца і паслухалі яго байкі.
Навучэнцы школы прынялі ўдзел у інтэлектуальным марафоне “Я ведаю”, пасяджэнне якога праводзілася ў форме гульні. Былі створаны рознаўзроставыя каманды “Мовазнаўцы” і “Літаратуразнаўцы”. Дзецям было прапанавана шмат цікавых заданняў: “Канструяванне слоў”, “Словы-змейкі”, “Пазнай твор па героі”, “Вам слова, юныя паэты!”, “Спрыт, знаходлівасць і розум”, “Аматары беларускага фальклору”.
У гульні былі пераможцы і пераможаныя, але гэта зусім не важна. Самы галоўны вынік свята – гэта сумесная дзейнасць і магчымасць дакрануцца да народнага багацця – роднай мовы.
Галіна ГРЫЦКЕВІЧ,
настаўнік беларускай мовы і літаратуры
Навадворскай сярэдняй школы
Свіслацкага раёна