Каб захаваць будучыню роднай мовы

- 20:06ГРОДНЕНЩИНА, Регионы

 

У Круцілавіцкім дзіцячым садзе – сярэдняй школе Дзятлаўскага раёна прайшоў тыдзень беларускай мовы і літаратуры, які быў прымеркаваны да Дня роднай мовы.

Адкрыццё тыдня адбылося на ўрачыстай лінейцы пад дэвізам “Гучы, гучы, родная мова”. На працягу тыдня для навучэнцаў былі арганізаваныя розныя мерапрыемствы. Для вучняў 5–10-х класаў прайшоў “Квіз па-беларуску”. Хлопчыкі і дзяўчынкі актыўна давалі беларускія назвы прадметам па малюнках, складалі прыказкі, тлумачылі іх сэнс, узгадвалі радкі з вершаў беларускіх паэтаў.

Цікава і займальна прайшла віктарына ў пачатковых класах “У свеце беларускіх казак”. Малодшыя школьнікі пазнавалі казачных герояў па апісанні, узгадвалі назвы казак па малюнку, разгадвалі крыжаванкі і ўжываліся ў ролю некаторых казачных герояў.

Усе навучэнцы школы актыўна праявілі сябе ў конкурсе чытальнікаў “Паэтычны вернісаж”, дзе чыталі вершы, прысвечаныя роднай мове. Кожны сам выбраў сабе той верш, які прыйшоўся па душы, і змог не толькі паказаць уменне чытаць вершы, але і праявіць свае артыстычныя здольнасці.

Актыўны ўдзел у правядзенні тыдня прымалі выхаванцы дашкольных груп, якія падрыхтавалі інсцэніроўку беларускай народнай казкі “Каза-Манюка”.

Завяршыўся тыдзень інсцэніроўкамі баек Кандрата Крапівы, якія былі прысвечаны 125-годдзю з дня нараджэння народнага пісьменніка. Мерапрыемства прайшло ў вельмі пазітыўнай і вясёлай атмасферы, юныя акцёры добра ўжыліся ў свае ролі і змаглі перадаць увесь каларыт тонкага гумару пісьменніка.

Мы ўпэўнены, што такія мерапрыемствы не пакінуць раўнадушнымі нашых дзяцей, і яны задумаюцца пра будучае нашай роднай мовы, будуць рабіць крокі, каб захаваць і перадаць яе нашчадкам.

Таццяна ЛАЗОВІК, Вераніка МАЗУР,
настаўнікі беларускай мовы і літаратуры
Круцілавіцкага дзіцячага сада – сярэдняй школы
Дзятлаўскага раёна

 

Поделиться ссылкой:

Всю ответственность за содержание сведений в методических и информационных материалах, а также за соблюдение авторских прав несут авторы публикаций.

Добавить комментарий