Купалаўскія чытанні – 2021

- 12:03ГОМЕЛЬЩИНА, Регионы

 

З 15 па 20 лютага 2021 года гімназія імя Янкі Купалы Мазыра гасцінна адчыніла дзверы для ўдзельнікаў і гасцей “Купалаўскіх чытанняў”. Сёлета абставіны ўнеслі карэктывы ў правядзенне мерапрыемства, таму некаторыя секцыі прайшлі анлайн.

Адкрыты дыстанцыйны конкурс творчых і даследчых работ вучняў праводзіўся пры падтрымцы аддзела адукацыі Мазырскага райвыканкама, Мазырскага раённага вучэбна-метадычнага цэнтра з мэтай развіцця творчых здольнасцей вучняў, пошуку таленавітай моладзі, а таксама стымулявання творчай актыўнасці настаўнікаў.

У календары ёсць такое свята – Міжнародны дзень роднай мовы, які адзначаецца штогод 21 лютага. У гэтым годзе мы пашырылі рамкі мерапрыемства і арганізавалі работу секцый на працягу ўсяго тыдня (з 15 па 20 лютага). Многім хлопцам і дзяўчатам прадстаўлялася магчымасць паказаць свае літаратурныя, мастацкія і інтэлектуальныя ўменні па-беларуску, а дарослым – атрымаць асалоду ад гучання роднага слова.

Штогадовы актыўны ўдзел навучэнцаў і іх настаўнікаў у Купалаўскіх чытаннях сведчыць пра ўвагу да вывучэння роднай мовы, папулярызацыю беларускай літаратуры і культуры. Дарэчы, у чытаннях заўсёды ўдзельнічаюць не толькі школы Мазыра і Мазырскага раёна. У сённяшніх умовах эпідэміялагічнай сітуацыі нам даслалі свае работы і ўдзельнічалі анлайн гімназіі Веткі, Ельска, Жлобіна, Лельчыц, Жыткавічаў, Рэчыцы, Калінкавічаў, Нароўлі, Петрыкава, Чачэрска, Светлагорска і многія іншыя.

У гэтым годзе спаўняецца 100 гадоў з дня нараджэння класікаў беларускай літаратуры Івана Шамякіна і Івана Мележа. А ў лістападзе 2020 года адзначаўся 100-гадовы юбілей з дня нараджэння Андрэя Макаёнка. І мы, арганізатары чытанняў, не аставілі па-за ўвагай гэтыя даты. Таму многія секцыі былі прысвечаныя менавіта гэтым падзеям: секцыя малюнкаў на тэму “Энцыклапедыя жыцця беларусаў у творах І.Шамякіна, І.Мележа, А.Макаёнка” (паказ слайдаў з малюнкамі); секцыя “Інтэлектуальная” (анлайн-віктарына па тэме “Па старонках жыцця і творчасці І.Шамякіна, І.Мележа, А.Макаёнка”).

Заданне анлайн-віктарыны было размешчана на гугл-дыску, і навучэнцы, заходзячы па спасылцы, павінны былі выканаць работу за 20 хвілін. Віктарына змяшчала 30 пытанняў, якія адносіліся да творчасці Макаёнка, Мележа, Шамякіна. Трэба сказаць, што якасць выканання гэтага задання была даволі высокая, што вельмі радуе і дазваляе меркаваць пра высокі ўзровень падрыхтаванасці навучэнцаў.

Працавала таксама секцыя “Буктрэйлер” (вучнёўскія рэкламныя відэаролікі па творах І.Шамякіна, І.Мележа, А.Макаёнка). Буктрэйлер – гэта кароткі відэаролік, які распавядае ў адвольнай мастацкай форме пра якую-небудзь кнігу. Мэта такіх ролікаў – рэклама кніг і чытання, прыцягненне ўвагі да кніг пры дапамозе візуальных сродкаў. Аднак буктрэйлер – гэта яшчэ і эфектыўны метадычны сродак, які дазваляе вучням вылучыць галоўнае ў кнізе, перадаць думку з дапамогай медыйных тэхналогій так, каб яна закранула іншых. Пры гэтым дзеці набываюць медыякампетэнцыі, вучацца быць актыўнымі стваральнікамі медыйнай прасторы.

2021 год аб’яўлены Годам народнага адзінства, таму на секцыю “Мой творчы радок” навучэнцы дасылалі свае вершы, эсэ, апавяданні на тэмы “Я, народ, Радзіма”, “Духоўнае адзінства беларусаў”, “Мой Народ, мая Радзіма”.

Такім чынам, мерапрыемства паказала, што беларуская мова не толькі жыве, але і натхняе моладзь на розныя творчыя ініцыятывы. Дыпломамі адзначаны дзясяткі канкурсантаў. Па выніках “Купалаўскіх чытанняў” будзе выдадзены зборнік творчых работ. Але галоўнае, для чаго было арганізавана гэта свята – выхоўваць у падрастаючага пакалення нацыянальную самасвядомасць, патрыятызм, цікавасць да культурнай спадчыны народа, гісторыі, роднай краіны.

Ганна САЛАНКОВА,
настаўнік беларускай мовы і літаратуры
гімназіі імя Я.Купалы Мазыра

 

Поделиться ссылкой:

Всю ответственность за содержание сведений в методических и информационных материалах, а также за соблюдение авторских прав несут авторы публикаций.

Добавить комментарий