- ГРОДЗЕНШЧЫНА, Рэгiёны

Зімовыя доследы дашкольнікаў: дзе жыве мароз?

 

У Лукскім дзіцячым садзе Карэліцкага раёна мінулы тыдзень было вырашана аб’явіць тыднем вопытаў і эксперыментаў. Зіма выдалася надзвычай снежнай, і пакуль яшчэ люты трымае свае пазіцыі, паспрабуем з малымі ўбачыць… мароз.

Ідэю падказалі самі выхаванцы. Я ім кажу: “Мароз!”, а яны ў адказ: “Пакажыце!” Сапраўды, пакажыце! Дзеткі ж толькі пазнаюць свет і, як правіла, хочуць ведаць што, чаму і як.

Лукскія дашкаляты даведаліся пра ўласцівасці снегу, гулялі з ім, паспрабавалі афарбаваць яго ў розныя колеры. “Значыць, Мароз жыве на вуліцы, а што ён умее рабіць?” – спыталі малыя. І вось ужо мы марозім ваду, прыдаём ёй розную форму і нават колер, мыльныя бурбалкі… А каб наша праца мела сэнс – робім цікавыя цацкі!

А як жа дзецям без зімовых гульняў? “І тут мароз?” – здзіўляюцца яны. Што ж, трэба даказаць. І вось на пляцоўцы з’явіліся снежны лабірынт і зімовы танэль. Тлумачым хлопчыкам і дзяўчынкам, што калі б не мароз, снежныя пабудовы расталі б. Радасныя, з новымі ведамі, яны спяшаюцца прабегчы лабірынты і танэлі. Хто ж ведае, а раптам заўтра мароза не будзе.

Даследчая дзейнасць – гэта цікавы і надзейны спосаб атрымання ведаў, бо тыя высновы, якія зроблены як вынік сваёй працы, маюць сэнс, цікавяць дзяцей і захоўваюць у памяці яскравыя моманты.

А вось і выснова нашага доследу: зіма – гэта выдатная пара!

Вольга СВІНЦОВА,
выхавальнік рознаўзроставай групы
Лукскага дзіцячага сада
Карэліцкага раёна

 

Поделиться ссылкой:

0

Добавить комментарий