Юныя светлагорцы правялі тыдзень роднай мовы

- 21:11ГОМЕЛЬЩИНА, Регионы

 

21 лютага адзначаецца Міжнародны дзень роднай мовы. З гэтай нагоды ў дашкольным цэнтры развіцця дзіцяці № 1 Светлагорска на працягу тыдня былі арганізаваны разнастайныя мерапрыемствы.

Нашы выхаванцы знаёмяцца з роднай мовай на занятках па “Развіцці маўлення і культуры маўленчых зносін”. Аднак мы лічым, што гэтага недастаткова, каб авалодаць роднай мовай. Таму было прынята калектыўнае рашэнне развіваць цікавасць дзяцей да роднай мовы праз вывучэнне твораў беларускай літаратуры і фальклору, нацыянальных традыцый, гістарычнага мінулага Радзімы.

Дзеці з задавальненнем слухалі і расказвалі творы на беларускай мове. У фае аформлена выстава малюнкаў “Беларусь мая сінявокая”, падрыхтаваных выхаванцамі сумесна з бацькамі. У кожнай групе на працягу тыдня працавала бібліятэка твораў беларускай літаратуры. Бацькі мелі магчымасць карыстацца фондам для сумеснага сямейнага чытання твораў на беларускай мове. Выхаванцы прынялі ўдзел у конкурсе чытальнікаў “Мая Беларусь”.

Неардынарным і цікавым для дзяцей стала наведванне тэатра “Батлейка”. Выхаванцы старшых груп сумесна з педагагогамі падрыхтавалі пастаноўку “Саўка запрашае ў госці”. Юныя гледачы даведаліся пра гісторыю з’яўлення тэатра “Батлейка”, адгадвалі загадкі, тлумачылі сэнс беларускіх прыказак і прымавак, а таксама атрымалі магчымасць паспрабаваць сябе ў якасці аркестрантаў-лыжачнікаў.

Найбольш захапляльным і пазнавальным было правядзенне квест-гульні “Падарожжа па нашай краіне”. Выхаванцы падчас праходжання іспытаў на прыпынках мелі магчымасць сістэматызаваць і паглыбіць свае веды пра Беларусь, яе сімволіку, жывёльны і раслінны свет, традыцыйныя народныя святы і гульні, пазнаёміцца і пачаставацца традыцыйнымі стравамі беларускай кухні, узгадалі народныя казкі.

Фінальным акордам тыдня беларускага маўлення стаў удзел выхаванцаў у музейных занятках “Юныя грамадзяне Светлага горада”. Праводзяцца яны ў рамках рэалізацыі  сумеснага праекта з цэнтрам творчасці дзяцей і моладзі “Ювента”. Мэта – пазнаёміць дзяцей з гісторыяй, культурай, дасягненнямі і знакамітымі людзьмі Светлагоршчыны. Праводзіць іх Ірына Пятрушка. Выхаванцы з задавальненнем чакаюць сустрэчы з Ірынай Пятроўнай, таму што на занятках яны знаёмяцца з музейнымі экспанатамі, маюць магчымасць дакрануцца да гістарычнага мінулага, дзеці ганарацца дасягненнямі прадпрыемстваў, на якіх працуюць іх бацькі, мараць пра тое, каб вырасці і працаваць на карысць сваёй зямлі, выказваюць свае думкі і меркаванні пра шчаслівае дзяцінства ў мірнай краіне.

Выхаванцы на працягу тыдня атрымалі шмат станоўчых эмоцый ад удзелу ў мерапрыемствах. Мы ўпэўненыя, што ад ролі педагога залежыць многае, і шчыра верым, што наша праца будзе плённай.

Святлана КІСЯЛЕЎСКАЯ,
выхавальнік дашкольнага цэнтра развіцця дзіцяці № 1 Светлагорска

 

Поделиться ссылкой:

Всю ответственность за содержание сведений в методических и информационных материалах, а также за соблюдение авторских прав несут авторы публикаций.

Добавить комментарий