Дзеці пазнаюць народную мудрасць

- 11:48ГРОДНЕНЩИНА, Регионы

 

У лютым праваслаўныя хрысціяне адзначаюць Стрэчанне Гасподняе. Нашы продкі лічылі, што на Стрэчанне, ці Грамніцы, як здаўна называлі свята беларусы, сустракаюцца зіма і вясна.

Працягваючы знаёмства з цыклам хрысціянскіх свят, вучні 8 “Б” класа сярэдняй школы № 11 Ліды наведалі Лідскі раённы аддзел рамёстваў і традыцыйнай культуры, дзе прынялі ўдзел у фальклорна-анімацыйнай праграме “Ад Стрэчання да Масленіцы!”. Менавіта з гэтага дня нашы продкі ўжо пачыналі рыхтавацца да Масленіцы, да сустрэчы з вясной.

Вучні пазнаёміліся з традыцыямі святкавання Стрэчання як на Панямонні, так і ў некаторых іншых рэгіёнах Беларусі. Дзяўчаты прынялі ўдзел у гульні-карагодзе “А мы грушку пасадзілі”, стрэчанскім абрадзе “Упрыгожванне ёлкі”, а хлопцы памераліся сілай у перацягванні вяроўкі і прадэманстравалі свой спрыт, калі “астуджвалі аладкі”. Пачулі вучні і пра народныя прыметы. Так, на Стрэчанне нельга было хадзіць у лес, бо лічылася, што ў гэты дзень гуляюць ваўкі. На Лідчыне існавала такая прымета: калі на Грамніцы лёд са стрэх ледзяшамі – тады ўраджайны год будзе на лён, ён будзе доўгі і харошы. Яшчэ нашыя продкі ў гэты дзень выкідвалі з хаты ўсе старыя рэчы і спальвалі ў вогнішчы. А сёння гэтае вогнішча мы можам убачыць падчас святкавання Масленіцы. Асаблівым атрыбутам свята Стрэчання была і застаецца сёння свечка, якую людзі асвяшчалі ў храме і неслі дахаты. Свечка абараняла хату ад маланкі ці пажару, яе нельга было нікому перадаваць.

На працягу гульнёвай праграмы дзеці чулі песні-вяснянкі, якія выконвалі ўдзельнікі фальклорнага гурта “Талер”, што дзейнічае пры Лідскім раённым аддзеле рамёстваў і традыцыйнай культуры. Стрэчанскія песні – першыя вяснянкі, і, нягледзячы на холад, нашы продкі гукалі вясну, каб яна хутчэй прыйшла і цяпло прынесла. Вучні 8-га класа таксама ладзілі карагод вакол абруса і заклікалі вясну.

Удзел у гульнях, карагодах і абрадах дазволіў падлеткам дакрануцца да духоўнай спадчыны нашых продкаў. Вучні не толькі змаглі сваімі вачыма ўбачыць, як святкавалася Стрэчанне, пачуць песні-вяснянкі, але даведацца пра адметнасць ізначнасць свята. Іх духоўны свет узбагаціўся новымі ўражаннямі і ведамі.

 

Наталля АНАШКЕВІЧ,
класны кіраўнік 8 “Б” класа
сярэдняй школы № 11 Ліды

 

Поделиться ссылкой:

Всю ответственность за содержание сведений в методических и информационных материалах, а также за соблюдение авторских прав несут авторы публикаций.

Добавить комментарий