Жыццё ў школе не прыпыняецца амаль што ўвогуле: урокі, перапынкі, мерапрыемствы, алімпіяды, конкурсы… Вось і ў Азёркаўскай сярэдняй школе Мастоўскага раёна на працягу навучальнага года школьнае жыццё віруе, кіпіць. Цяперашні тыдзень таксама насычаны мерапрыемствамі: у школе праходзіць інтэграваны тыдзень беларускай, рускай і нямецкай моў, прысвечаны Міжнароднаму дню роднай мовы.
У панядзелак вучні ў нацыянальных касцюмах з прыгожымі прывітальнымі словамі звярталіся да ўсіх, хто заходзіў у школу. Дэвізам тыдня сталі словы “Мова родная – мова модная!”. “Будзь у трэндзе – размаўляй па-беларуску!” – гэты выраз часцей за ўсё гучаў сярод навучэнцаў падчас тэматычнага тыдня. Школьнікі нават выпраўлялі памылкі адзін у аднаго ў вымаўленні беларускіх слоў. Гэта сведчыць пра тое, што наша моладзь не губляе сваіх каранёў, не цураецца сваёй спадчыны, а імкнецца яе зберагчы, захаваць сваё роднае слова. Вучні з гонарам расказвалі пра тое, што ім у спадчыну засталася ўнікальная мова – жывая і мілагучная, песенная і паэтычная, мова бацькоў і дзядоў, вялікі нацыянальны скарб.
Цікава, пазнавальна і займальна прайшоў турнір знаўцаў рускай мовы і літаратуры “Падарожжа ў краіну Філалогію”, гульня-квіз “Хто лепш ведае нямецкую мову?”, падрыхтаваныя настаўнікамі І.А.Ганчар і М.М.Ганчар У аўторак стартавалі акцыі “Смак роднай мовы” і “Буккросінг: чытаем на роднай мове”. Вучні з цікавасцю працавалі над стварэннем буктрэйлераў “Чытаем беларускіх класікаў”. Настаўнік беларускай мовы і літаратуры Т.А.Галавач падрыхтавала квест-гульню для вучняў 5–7-х класаў “Фальклор, фальклор – душа народа…” Удзельнічалі вучні ў конкурсе чытальнікаў баек Кандрата Крапівы. Трэба адзначыць дзень, калі ў школе праходзіў фэст веснавых абрадаў “Шчаслівы той, хто продкаў з чыстым сэрцам паважае”, падрыхтаваны ўдзельнікамі і кіраўнікамі аб’яднанняў па інтарэсах Т.А.Галавач і І.А.Гарбацэвіч. У школе было асабліва святочна: прыгожыя хлопцы і дзяўчаты ў нацыянальных строях, вясёлая музыка і мілагучныя словы роднай беларускай мовы!
Заўсёды чакаюць вучні вясёлага кірмашу “Пакаштуйце, людцы, калі ласка!” Члены аб’яднання па інтарэсах “Этнаграфічны гурток “Спадчына” падрыхтавалі тэатралізаванае прадстаўленне. Усім было весела і цікава: гучала музыка, Дзед Лявон і Лявоніха танцавалі “Польку”, “Лявоніху”,
дзяўчаты вадзілі карагод, усіх падбадзёрваў вясёлы Несцерка. Затым быў арганізаваны сапраўдны торг-кірмаш: адны прадавалі – другія куплялі. Чаго тут толькі не было: і пячэнне, і тарты, і пірагі, і яблыкі, і попкорн! А булкі толькі што “з пылу – з жару”! Малодшым вучням дапамагалі ў гэтай справе бацькі.
Вучні школы штогод прымаюць самы актыўны ўдзел у правядзенні рэспубліканскага конкурсу “Буслік”. Вось і зараз 26 аматараў роднай мовы будуць змагацца за званне лепшага знаўцы беларускай мовы. Гэта вельмі радуе мяне як настаўніка. Гэта значыць, што мова мая родная будзе жыць.
Традыцыйна 21 лютага адзначаецца Міжнародны дзень роднай мовы. Для нас родная мова – беларуская, матчына, чароўная, мілагучная, пяшчотная, ласкавая, мяккая, звонкая… Дзякуючы ёй мы можам пазнаёміцца з народнымі песнямі, казкамі, звычаямі. Дзякуючы ёй ведаем гісторыю беларускага краю з легендаў і паданняў, навуковых кніг. Дзякуючы ёй сёння можам зразумець досціп народа, мудрыя ўрокі нашчадкам, закладзеныя ў прыказках і прымаўках. Нездарма мову не спыняюцца ўслаўляць у высокамастацкіх творах пісьменнікі і паэты, у ёй чэрпаюць натхненне мастакі і музыкі, прысвячаюць сур’ёзныя працы вучоныя.
Таццяна ГАЛАВАЧ,
настаўнік беларускай мовы і літаратуры
Азёркаўскай сярэдняй школы
Мастоўскага раёна