У рамках акцыі “З кожнага па зярнятку” у Любчанскім дашкольным цэнтры развіцця дзіцяці арганізаваны збор корму для птушак. Кармушкі сістэматычна папаўняюцца.
Дзеці і іх бацькі прыносяць разнастайны корм: пшано, семечкі сланечніка, гарбуза, збожжа, сухары, крошкі хлеба. Выхаванцы не проста ўдзельнічаюцьу развешванні кармушак на дрэвы, але час, праведзены на прыродзе, ператвараецца для іх у маленькае свята: яны кормяць птушак раней прыгатаваным пачастункам, расказваюць вершы і загадваюць загадкі.
Дзеці клапатліва адносяцца да птушак і кожны дзень дзяжураць у “Птушынай сталовай”, чысцяць і падпраўляюць кармушкі, папаўняюць іх сабраным кормам. А птушкі рады, з усіх бакоў злятаюцца, ім такі прыём вельмі падабаецца. Прыляталі да кармушкі сінічкі, вераб’і, частымі гасцямі былі галубы, нават пабачылі снегіроў.
Падкормка зімуючых птушак не толькі прыносіць карысць птушкам, але і з’яўляецца важнай у навучанні і выхаванні дзяцей. Праз гутаркі, пазнаваўчыя заняткі і назіранні даведваемся пра розныя віды птушак сваёй мясцовасці, пазнаём характэрныя асаблівасці знешняга выгляду, паводзін, вучымся клапаціцца, адчуваем радасць ад усведамлення таго, што, падкормліваючы птушак, можна выратаваць іх ад гібелі.
У ходзе правядзення акцыі дзеці разабраліся, што яны робяць добрую справу – дапамагаюць выжыць крылатым жыхарам у самую цяжкую пару года.
Ганна ШМЫК,
выхавальнік дашкольнай адукацыі
Любчанскага дашкольнага цэнтра развіцця дзіцяці
Навагрудскага раёна