З 15 па 24 лютага ў Вераб’евіцкім дзіцячым садзе – базавай школе Навагрудскага раёна прайшла дэкада да Міжнароднага дня роднай мовы. Праграма правядзення была насычана разнастайнымі мерапрыемствамі, якія дазволілі раскрыць магчымасці кожнага вучня школы.
Пачалася дэкада паэтычным чэленджам “Мова”, дзе вучні 7–9-х класаў у “Instagram” перадавалі адно аднаму эстафету ў чытанні верша Яўгеніі Янішчыц. Ролікі былі размешчаны і на старонках вучняў.
16 лютага сярод вучняў 3–9-х класаў прайшоў конкурс малюнкаў па творах беларускіх пісьменнікаў. Самыя лепшыя работы размешчаны на стэндзе ў фае школы.
У наступны дзень, 17 лютага, былі задзейнічаны вучні 5–7-х класаў, для іх прайшла квест-гульня “Беларуская скарбонка”. Напярэдадні гульні вучні атрымалі канверты з маршрутамі і лісты з заданнямі для кожнага прыпынку. Камандам прапаноўваліся заданні, якія яны павінны былі выканаць за тры хвіліны. Калі ўсё было выканана правільна, каманда атрымлівала літару і рухалася далей.
За перамогу змагаліся дзве каманды – “Сунічкі” і “Журавінкі”. Перамагала тая каманда, якая першая сабрала літары і адгадала слова. У выніку ўпартай барацьбы перамога аказалася ў вучняў з каманды “Сунічкі”. Яны вельмі хутка і правільна змаглі прайсці ўсе дзесяць прыпынкаў, успомнілі народныя святы і абрады, нацыянальную вопратку беларусаў, прадметы хатняга ўжытку, а таксама прыказкі і прымаўкі.
У гэты ж дзень прайшоў конкурс творчых пісьмовых работ “За што я люблю родную зямлю”. Вучні паспрабавалі выказаць сваю любоў і замілаванне родным краем, паказаць яго непаўторнасць і маляўнічасць.
18 лютага ў школе прайшла акцыя “Гавары са мной па-беларуску”. Вучні і настаўнікі спрабавалі на працягу дня гаварыць на беларускай мове і папраўлялі тых, хто забываў гэта рабіць. Навучэнцы 5–9-х класаў прынялі ўдзел у Міжнародным рэспубліканскім конкурсе “Буслік–2021”, а для астатніх вучняў у гэты час прайшла акцыя “Смак роднай мовы”. Дзеці паспрабавалі зрабіць пераклад з рускай мовы і намаляваць адпаведныя малюнкі, якія папоўнілі выставу.
19 лютага прайшоў традыцыйны дыктант да Міжнароднага дня роднай мовы, у якім прынялі ўдзел навучэнцы 5–9-х класаў. Акрамя гэтага бібліятэкарам школы была арганізавана выстава кніг да юбілею беларускіх пісьменнікаў і праведзена займальная віктарына па іх творах.
22 лютага прайшоў анлайн-конкурс чытальнікаў вершаў, у якім мог паўдзельнічаць кожны жадаючы.
У Дзень абаронцаў Айчыны школьнікі па-беларуску віншавалі са святам сваіх аднакласнікаў, настаўнікаў, сяброў.
Завершыў работу дэкады конкурс буктрэйлераў “Чытаем беларускіх класікаў”, прысвечаны 100-годдзю з дня нараджэння І.Шамякіна і І.Мележа, 125-годдзю з дня нараджэння К.Крапівы.
Пасля правядзення ўсіх мерапрыемстваў хочацца верыць, што ў вучняў з’явіцца жаданне кожны дзень карыстацца роднай мовай і ганарыцца гэтым.
Алена АМЕЛЬЯНОВІЧ,
настаўнік беларускай мовы і літаратуры
Вераб’евіцкага дзіцячага сада – базавай школы
Навагрудскага раёна