Традыцыйна ў яслях-садзе № 1 Дзятлава з 15 па 19 лютага праходзіў тыдзень беларускай мовы, прысвечаны Міжнароднаму дню роднай мовы. Мэта тыдня – зацікавіць дашкольнікаў беларускай мовай, выхоўваць паважлівыя адносіны да традыцый беларускага народа.
Тыдзень пачайся з прывітанняў і ранішніх найлепшых пажаданняў на роднай мове. Старэйшыя выхаванцы бліжэй пазнаёміліся з дзейнасцю і творчасцю славутых людей Беларусі Янкі Купалы, Якуба Коласа, Францыска Скарыны.
На працягу тыдня дзеці знаёміліся з беларускімі народнымі казкамі і творамі беларускіх паэтаў. Казачныя гісторыі, складзеныя беларускім народам, дзецям расказвалі выхавальнікі, якія пераапраналіся ў касцюмы казачных герояў. Выхаванцы разам з Катом Васілём гулялі ў беларускія гульні, прыгадвалі беларускія прыказкі і прымаўкі.
Да выхаванцаў старшай групы завітаў Дзед Усявед, які расказаў ім гісторыю з’яўлення народных песень, вытокі з’яўлення народнай беларускай творчасці. Дзеці расказвалі яму вершы і спявалі знаёмыя песні на роднай мове, а затым усе разам гулялі ў народныя гульні “Кубачак”, “Шэры кот”, “Хто хутчэй” і інш.
Беларуская мова гучала ў групах на працягу ўсяго тыдня. Выхаванцы з вялікай ахвотай і добрым настроем прымалі ўдзел у конкурсе чытачоў ”Гучы, наша родная мова!”. Дзеці вельмі прыгожа і з натхненнем чыталі вершы на роднай беларускай мове, малодшыя выхаванцы чыталі беларускія забаўлянкі і пацешкі.
А яшчэ напярэдаднi Мiжнароднага дня роднай мовы выхаванцаў старшай групы запрасілі на экскурсію ў дзіцячую бібліятэку, супрацоўнікі якой наладзілі пазнавальную цікавую праграмму. Была арганізавана гульня-віктарына “Знаўцы роднага горада”, дзецям прадэманстравалі відэаролік “Мая любая старонка”, пазнаёмілі іх з аддзеламі бібліятэкі, вялікім бібліятэчным фондам. Выхаванцы даведаліся, хто такія чытачы і як запісацца ў бібліятэку. Выходзіць з бібліятэкі дзецям не хацелася, і яны паабяцалі прыйсці ў наступны раз разам з бацькамі.
Мы ўпэўнены, што гэты тыдзень для ўсіх выхаванцаў стаў яркім і запамінальным.
Святлана ІОДА,
намеснік загадчыка па асноўнай дзейнасці
ясляў-сада № 1 Дзятлава