З нагоды Міжнароднага дня роднай мовы ў Гезгалаўскай сярэдняй школе Дзятлаўскага раёна прайшоў тыдзень беларускай мовы і літаратуры, у якім прынялі ўдзел вучні з 1 па 11 клас.
Падчас тыдня ва ўстанове ладзіліся розныя мерапрыемствы з мэтай папулярызацыі беларускай мовы. У першы ж дзень тыдня быў дадзены старт акцыі “Размаўляй са мной па-беларуску”, да якой далучыліся як вучні, так і некаторыя настаўнікі ўстановы.
Вучні 5–6-х класаў прынялі актыўны ўдзел у турніры мовазнаўцаў “Гучы, роднае слова”, дзе хлопчыкі і дзяўчынкі паспрабавалі апрануць ляльку ў беларускі нацыянальны касцюм, назвалі сваё любімае слова на беларускай мове, склалі сінквейн да слова “мова”, паглыбілі свае веды пра беларускія нацыянальныя стравы. За кожны правільны адказ вучні атрымлівалі падабайкі.
Вучні 7-га класа паўдзельнічалі ў інтэлектуальным спаборніцтве “Я люблю родную мову”, дзе даведаліся пра розныя малаўжывальныя беларускія словы ў відэавіктарыне “Размаўляем па-беларуску”, успомнілі аўтараў і назвы твораў, якія вывучалі ў папярэдніх класах на ўроках беларускай літаратуры, аднавілі народныя прыметы. А завяршылася спаборніцтва песняй “Вышыванка” у выкананні спявачкі Кейсі.
У шосты школьны дзень за першае месца падчас гульні “З родным словам – круглы год” змагаліся каманды “Бусляняты”, “Зубраняты” і “Бульба” з навучэнцаў 5–7-х класаў. Дзеці паглыбілі свае веды па арфаграфіі беларускай мовы, успомнілі, як называецца мэбля, якая знаходзіцца ў кватэры, віды жаночага і мужчынскага абутку, назвы кветак і колераў на беларускай мове.
Члены пярвічнай арганізацыі БРСМ далучыліся і да напісання дыктоўкі на беларускай мове “Ганарымся Бацькаўшчынай”, за што атрымалі пяць “дзясятак” і дзве “дзявяткі”.
Не засталіся ў баку вучні і ад так упадабаных апошнім часам чэленджаў. На працягу тыдня ішоў відэачэлендж “Чытай са мной па-беларуску” і фотачэлендж “Я люблю беларускую мову”.
На працягу тыдня ў школьнай бібліятэцы былі арганізаваны выставы “Гімн роднай мове” да Міжнароднага дня мовы, “Чалавек на сваёй зямлі” да 100-годдзя з дня нараджэння Івана Мележа, “Ён заслужыў любоў народа” да 125-годдзя з дня нараджэння Кандрата Крапівы, а таксама намаганнямі чытачоў бібліятэкі стварыўся “Плот цікавых беларускіх слоў”.
Гэтыя мерапрыемствы нікога не пакінулі раўнадушнымі, далі магымасць усім жадаючым адчуць смак беларускай мовы.
Таісія МАКУЦА,
настаўнік беларускай мовы і літаратуры
Гезгалаўскай сярэдняй школы
Дзятлаўскага раёна