Вобразная, вольная, пявучая, мова беларуская мая

- 14:16ГРОДНЕНЩИНА, Регионы

 

З 15 па 20 лютага ў Юрацішкаўскім яслях-садзе – сярэдняй школе праходзіў тыдзень беларускай мовы і літаратуры.

Мэта мерапрыемстваў прадметнага тыдня – папулярызацыя роднай мовы і літаратуры сярод вучняў, настаўнікаў, бацькоў, ушанаванне дня роднай мовы, а таксама пісьменнікаў-юбіляраў 2021 года, развіццё пазнавальнай і творчай актыўнасці, выяўленне і заахвочванне найбольш адораных вучняў.

У прадметным тыдні прынялі ўдзел настаўнікі пачатковых класаў, настаўнікі роднай мовы і літаратуры, вучні 1–11-х класаў і іх бацькі.

У першы дзень, 15 лютага, адбылося ўрачыстае адкрыццё тыдня беларускай мовы і літаратуры, падчас якога гучалі выказванні мастакоў слова пра беларускую мову, вершы на роднай мове. Акцыя “Ад вітання да развітання”, якую правялі вучні 6-га класа, мела на мэце заахвоціць навучэнцаў, работнікаў установы адукацыі і бацькоў размаўляць па-беларуску ў паўсядзённым жыцці.

Падчас экскурсіі “Бабульчын куфэрак” у краязнаўчы музей “Вытокі” вучні 3–4-х класаў даведаліся многа новага з даўнейшага жыцця нашых продкаў. Пачаткоўцам было цікава слухаць пра прадметы побыту – збанкі, прадметы хатняга ўжытку, прылады працы, упрыгожанні. Асабліва ўразіла калекцыя ручнікоў.

Другі дзень, 16 лютага, быў творчым. У гэты дзень вучні 3–4-х класаў прынялі ўдзел у конкурсе малюнкаў да твораў беларускіх пісьменнікаў. Сярод вучняў 5–8-х класаў прайшоў конкурс творчых пісьмовых работ “За што я люблю родную зямлю”. Вучні 9–11-х класаў сталі ўдзельнікамі конкурсу сачыненняў-эсэ “Люблю цябе такой, якая ёсць, зямля мая, зямля бацькоў святая!”. У сваіх сачыненнях яны выказалі адносіны да Радзімы, роднай мовы і культуры. Экскурсія “Этнаграфія роднага краю” адкрыла шмат цікавага вучням 5–7-х класаў, якія былі і слухачамі, і актыўнымі апавядальнікамі.

У трэці дзень прадметнага тыдня, 17 лютага, для вучняў 8–11-х класаў была арганізавана сустрэча з беларускім пісьменнікам Міхасём Зізюком. Дзяўчынкі і хлопчыкі з нецярплівасцю чакалі сустрэчы з аўтарам кніг для дзяцей з Навагрудка. Іх цікавасць зразумелая: адна справа чытаць кнігі, а іншая сустрэцца з тым, хто напісаў іх.

У гэты ж дзень вучні 5–7-х класаў прынялі ўдзел у конкурсе чытальнікаў вершаў, прысвечаных роднай мове. Гучалі творы паэтаў-юбіляраў 2021 года: Кандрата Крапівы, Цёткі, Анатоля Астрэйкі, Генадзя Бураўкіна, Ніла Гілевіча, Максіма Багдановіча.

Вялікую цікавасць вучняў выклікаў вэб-квест “У пошуках моўных скарбаў”. Квест складаўся з двух этапаў. Спачатку трэба было забраць скарб у пірата, а потым выйсці з зачыненага пакоя. Для гэтага неабходна было выканаць 10 заданняў. Пераможцы атрымалі не толькі задавальненне, але і прыемныя ўзнагароды.

18 лютага адбылася гульня-конкурс “Буслік–2021”, у якой прынялі ўдзел 14 навучэнцаў з 3–11-х класаў. Турнір эрудытаў “Знаўцы роднай мовы” прайшоў у форме спаборніцтваў і садзейнічаў актуалізацыі ведаў вучняў 5–7-х класаў па беларускай мове і літаратуры, паказаў узровень іх эрудыцыі. Элемент спаборніцтва дапамог арганізаваць сумесную дзейнасць, прадэманстраваць адказнасць і калектывізм.

Літаратурна-музычную кампазіцыю “Ім доўга яшчэ будзе сніцца жудаснае пекла вайны” падрыхтавалі вучні 11-га класа. На мерапрыемства былі запрошаны ўдзельнікі вайны ў Афганістане. Гучалі беларускія вершы і песні, прысвечаныя трагічным падзеям, якія рэхам адгукаюцца больш за 30 год у сэрцах іх удзельнікаў.

19 лютага адбыўся конкурс буктрэйлераў “Чытаем беларускіх класікаў”, прысвечаны творчасці пісьменнікаў-юбіляраў Кандрату Крапіве, Івану Шамякіну і Івану Мележу. Вучні 8–11-х класаў з вялікім задавальненнем выказалі сваё разуменне творчасці пісьменнікаў праз стварэнне відэаролікаў.

Літаратурна-музычная кампазіцыя “Вобразная, вольная, пявучая, мова беларуская мая!” заклікала хлопчыкаў і дзяўчынак 3–7-х класаў да чытання вершаў, выканання беларускіх народных і аўтарскіх песень на словы беларускіх паэтаў.

На працягу тыдня праходзіла акцыя “Гавары са мной па-беларуску”. Вучні размаўлялі па-беларуску і нават адказвалі па-беларуску на ўроках матэматыкі, гісторыі, біялогіі, хіміі. Па-меркаванні некаторых з іх, гэта было не зусім проста.

У школьнай бібліятэцы працавала выстава кніг, прысвечаная творчасці пісьменнікаў-юбіляраў. Кожны жадаючы мог зайсці і азнаёміцца з матэрыяламі выставы. Акрамя гэтага, у фае школы быў арганізаваны прагляд мультфільмаў і відэаролікаў пра Беларусь на беларускай мове.

Закрыццё прадметнага тыдня прайшло ў форме агульнашкольнай лінейкі, на якой былі названы імёны самых актыўных удзельнікаў.

Так у нашых навучэнцаў была магчымасць прыняць актыўны ўдзел у правядзенні разнастайных мерапрыемстваў, якія адрозніваліся насычанасцю, змястоўнасцю, актуальнасцю, паказаць узровень эрудыцыі, задаволіць сваю цікаўнасць, пашырыць кругагляд, захапіцца прыгажосцю беларускага мастацкага слова, прасачыць узаемасувязь літаратуры з іншымі відамі мастацтва, атрымаць інфармацыю пра цікавыя факты з гісторыі краіны.

Галіна МІНАЕВА,
настаўнік беларускай мовы і літаратуры
Юрацішкаўскага ясляў-сада – сярэдняй школы
Іўеўскага раёна

 

Поделиться ссылкой:

Всю ответственность за содержание сведений в методических и информационных материалах, а также за соблюдение авторских прав несут авторы публикаций.

Добавить комментарий