Гаворым і думаем па-беларуску

- 16:31ГРОДНЕНЩИНА, Регионы

                    

Тыдзень беларускай мовы і літаратуры прайшоў у Лелюкінскім дзіцячым садзе – сярэдняй школе Іўеўскага раёна.

Распачала яго акцыя “Гавары са мной па-беларуску”. Вучні 10-га класа падрыхтавалі рамонкі, на пялёстках якіх размясцілі назвы мерапрыемстваў тыдня. Кожнаму, хто ўваходзіў у школу, уручаўся рамонак, а ў адказ неабходна было расказаць верш, прыказку ці прымаўку, праспяваць песню, загадаць загадку на беларускай мове. Спраўляліся ўсе. 

Для вучняў 3–4-х класаў быў арганізаваны і праведзены моўны турнір “Роднае слова – цудоўнае слова”, дзе пачаткоўцы паказалі свае веды па беларускай мове і літаратуры, а таксама даведаліся нямала новага і цікавага. 

Скончыўся першы дзень тыдня святам фразеалагізмаў, прыказак, прымавак для вучняў 5–6-х класаў. Не такой лёгкай і простай аказалася народная мудрасць. Вынікі мерапрыемства паказалі, што неабходна прыкласці яшчэ нямала намаганняў, каб зразумець багацце нашай роднай мовы. 

Другі дзень прадметнага тыдня быў прысвечаны знакамітаму беларускаму пісьменніку Івану Мележу. Навучэнцы бліжэй пазнаёміліся з жыццём і творчасцю мастака слова, прагледзелі кінафільм “Людзі на балоце” і хроніка-дакументальны фільма “Туманы над багнаю”. Таксама ўсе жадаючыя прынялі ўдзел у конкурсе сачынення-эсэ “Люблю цябе такой, якая ёсць, зямля мая, зямля бацькоў святая!”.

Цікавым і запамінальным выдаўся трэці дзень не толькі для навучэнцаў школы, але і для настаўнікаў і супрацоўнікаў. У школу завітаў беларускі пісьменнік Міхась Зізюк.

Чацвёрты дзень прайшоў разам з сімвалам нашай Бацькаўшчыны. Менавіта на тыдзень беларускай мовы і літаратуры кожны год прыпадае гульня-конкурс “Буслік”. Працягам дня стала кніжная выстава, прысвечаная творчасці пісьменнікаў – юбіляраў 2021 года – І.Шамякіна, І.Мележа, К.Крапівы. Дзеці змаглі дакрануцца да залатога запасу нашай літаратуры, патрымаць, пагартаць зборнікі і шматтомнікі мэтраў беларускай літаратуры.

У пяты дзень вучні 6–7-х класаў адправіліся ў падарожжа ў краіну ўласных імёнаў. Пабывалі на станцыях “Імёны пісьменнікаў”, “Анамастыка”, “Сакрэт майго імені” і многіх іншых. Для навучэнцаў 8–9-х класаў прайшоў моўны турнір, у якім юнакі і дзяўчаты змаглі праверыць сваё веданне беларускай мовы і літаратуры. Вучні раздзяліліся на дзве каманды, а далей ім належала прайсці блокі пад назвай “Размінка”, “Лесвіца”, “Кемлівыя”, “Эрудыт”, “Матэматыкі”, “Хто больш?”, “Перакладчыкі”, “Адным словам”, “Усявед”, “Чужое слова”, “Фразеалагізмы”, “Веру – не веру”. Гульня паказала, што дзеці на даволі высокім узроўні валодаюць роднай мовай, ведаюць яе асаблівасці, цікавяцца і паважаюць тое багацце, якое дасталася нам ад продкаў. Дзень прайшоў цікава і насычана. 

У шосты дзень тыдня прайшла гульня для 8–11-х класаў “Хто хоча стаць выдатным?”, у якой удзельнічалі дзве каманды. Юнакам і дзяўчатам неабходна было выканаць заданні ў шасці турах. Удзельнікі паказалі дастаткова добры вынік.

Працягам дня стала віртуальная экскурсія на радзіму пісьменнікаў-юбіляраў Івана Шамякіна, Івана Мележа і Кандрата Крапівы. Навучэнцы ўбачылі тыя мясціны, дзе нарадзіліся, жылі і пісалі вядомыя людзі; праслухалі ў запісе некаторыя іх творы, якія чыталі самі пісьменнікі.

Напрыканцы такой насычанай і каларытнай нядзелі былі падведзены вынікі і ўзнагароджаны самыя актыўныя ўдзельнікі. Тэматычны тыдзень яшчэ раз падкрэсліў сваю значнасць у выхаванні маладых беларусаў.

Аксана РЭВІНСКАЯ,
намеснік дырэктара па вучэбнай рабоце
Лелюкінскага дзіцячага сада – сярэдняй школы
Іўеўскага раёна

 

Поделиться ссылкой:

Всю ответственность за содержание сведений в методических и информационных материалах, а также за соблюдение авторских прав несут авторы публикаций.

Добавить комментарий