Гучы, родная мова

- 18:03ГРОДНЕНЩИНА, Регионы

 

Правядзенне тыдня беларускай мовы і літаратуры ў Субацкім дзіцячым садзе – сярэдняй школе – шматгадовая традыцыя. Галоўная яго мэта – папулярызацыя беларускай мовы і літаратуры, развіццё камунікатыўнай культуры і творчых здольнасцей навучэнцаў, якія ў ходзе таго ці іншага мерапрыемства самарэалізуюцца, самавыяўляюцца, самасцвярджаюцца, растуць духоўна.

У межах тыдня было праведзена шмат цікавых і пазнавальных мерапрыемстваў, розных па форме і змесце. У першы дзень адбылося ўрачыстае адкрыццё тыдня “Гучы, родная мова”. Для дзяцей былі арганізаваны выставы “Пісьменнікі – юбіляры 2021”, “Кнігі-юбіляры”. На працягу тыдня дзейнічалі традыцыйныя акцыі “Гавары са мной па-беларуску”, “Пажаданні беларускай мове”, “Маё любімае беларускае слова” (па выніках у топ-5 увайшлі словы: каханне, Радзіма, мова, добрай раніцы, сябры). На перапынках гучалі беларускія песні – у вучняў была магчымаць паспяваць караоке па-беларуску.

Вучням і настаўнікам вельмі спадабаўся конкурс “Сэлфі па-беларуску”. Кожны імкнуўся паказаць любоў да беларускай мовы і літаратуры, павагу да дзяржаўнай сімволікі Рэспублікі Беларусь.

У межах тыдня для вучняў 5–11 класаў быў праведзены конкурс буктрэйлераў, прысвечаны 100-годдзю з дня нараджэння Івана Шамякіна, Івана Мележа, 125-годдзю з дня нараджэння Кандрата Крапівы. Аўтары паказалі буктрэйлеры ў розных жанрах: слайд-шоу, відэафільмы, знятыя па матывах твораў беларускіх пісьменнікаў. Лепшай стала работа вучаніцы 9-га класа Паліны Міхалевіч (Іван Шамякін. Раман “Злая зорка”).

Для вучняў была праведзена гадзіна паэзіі “Беларусь мая, родны край”. Дзеці з задавальненнем чыталі вершы пра беларускі край, родную мову, узгадалі старонкі мінулага… Бо хто не памятае гісторыі свайго народа, у таго няма будучыні; і сёння ў нашай літаратуры працягвае жыць памяць пра ваеннае мінулае. Галоўнай мэтай мерапрыемства было пашырыць веды пра гісторыка-культурную спадчыну Беларусі, выхаваць пачуццё гонару і павагі да нацыянальных традыцый, звычаяў, культуры.

Вучні старшых класаў у вобразе казачных і міфічных істот (Баба Яга, Вадзянік, Лесавік, Дамавік, Палявік, Ваўкалак) правялі інтэлектуальна-пазнавальную гульню “Край наш – дзівосны прыстанак загадак і цудаў…”. Удзельнікаў падзялілі на дзве каманды “Зубраняты” і “Бусляняты”. Дзеці з вялікім захапленнем прымалі ўдзел у мерапрыемстве, адчувалася сапраўдная інтэлектуальная барацьба! Вучні паказалі веды раздзелаў мовазнаўства, значэнняў слоў. У выніку, як заўсёды, перамагла дружба.

Фінальным акордам тыдня беларускай мовы і літаратуры стала завочнае падарожжа “О Беларусь, мая калыска…”. Мэта – абудзіць жаданне больш ведаць пра мінулае і сучаснае Радзімы. Удзельнікі мерапрыемства падрыхтавалі інфармацыю пра славутых продкаў, класікаў беларускай літаратуры, пра прыроду роднага краю, пра роднае слова, пра гістарычную спадчыну. Добразычлівая атмасфера, наглядныя матэрыялы спрыялі прадуктыўнай працы вучняў.

Усе мерапрыемствы, праведзеныя на роднай мове, закранулі сэрцы, выклікалі пачуццё гонару за нашу Радзіму, за яе мінулае і спадчыну.

Аксана ХАЯН,
настаўнік беларускай мовы і літаратуры
Субацкага дзіцячага сада – сярэдняй школы
Ваўкавыскага раёна

 

Поделиться ссылкой:

Всю ответственность за содержание сведений в методических и информационных материалах, а также за соблюдение авторских прав несут авторы публикаций.

Добавить комментарий