Супрацоўнікі кіналагічнай службы Мазырскага пагранічнага атрада – начальнік службы сабак АПК “Славечна” маёр Андрэй Юркевіч і прапаршчык Мікалай Прохараў – са службовым сабакам пароды бігль па мянушцы Лана сустрэліся з выхаванцамі санаторнага ясляў-сада № 21 Мазыра.
Гэта сустрэча – добрая нагода для выхавання ў дзяцей дашкольнага ўзросту пачуцця патрыятызму, датычнасці да лепшых традыцый сваёй Радзімы, фарміравання ў дзяцей гонару за абаронцаў Айчыны.
Спачатку спецыялісты-кінолагі распавялі пра сваю прафесію. Пра тое, як сабакі дапамагаюць ім выконваць пастаўленыя задачы, дзе можна атрымаць адукацыю кінолага. Пазнаёмілі выхаванцаў і выхавальнікаў дашкольнай адукацыі з умовамі ўтрымання сабак, растлумачылі, якія пароды сабак адбіраюць для пагранічнай службы, і з якога ўзросту іх пачынаюць дрэсіраваць. Аказваецца, сабак вучаць па-рознаму, у залежнасці ад кірунка работы.
Кінолагі паказалі дзецям, як правільна дрэсіраваць сабак і заахвочваць іх да выканання каманды, прадэманстравалі паказальныя выступленні. Пасля дзеці і выхавальнікі задавалі пытанні пра асаблівасці работы кінолагаў. Самым запамінальным момантам сустрэчы для выхаванцаў была магчымасць паспрабаваць сябе ў ролі кінолага – папрацаваць з сабакам.
Святлана КАЗАЧОК,
кіраўнік фізічнага выхавання
санаторнага ясляў-сада № 21 Мазыра