Сярэдняя школа № 21 імя М.Ф.Гастэлы Мінска прыняла ўдзел у правядзенні рэспубліканскай акцыі “Адзіны дзень бяспекі”, якая праходзіла ў апошнія дні лютага.
У межах Адзінага дня бяспекі, сталічная школа № 21 вітала гасцей: старшыню Цэнтральнай раённай арганізацыі АСВОД А.Ф.Жалабковіч, старшыню раённага аддзялення грамадскага аб’яднання “Белая Русь” Н.У.Воранаву і другога сакратара БРСМ Цэнтральнага раёна Мінска Максіма Ярцова.
Навучальнае падарожжа “Мы ў бяспецы!” захапіла вучняў 5–7 класаў і іх класных кіраўнікоў актуальнасцю, маштабам і нетрадыцыйным фарматам правядзення. На станцыях “Бяспека на вадзе ў зімовы перыяд”, “Пажарная бяспека”, “Белая Русь” за бяспеку дзяцей на дарогах”, якія ўзначальвалі запрошаныя спецыялісты, удзельнікам прапаноўваліся розныя заданні: міні-віктарына, мадэляванне сітуацый, рэбусы.
Прыемна, што госці былі ўражаны высокім узроўнем падрыхтаванасці вучняў, іх актыўнай грамадзянскай пазіцыяй, паколькі ніхто з вучняў не застаўся абыякавым да тых сітуацый, дзе чалавек трапіў у бяду. Усе класы атрымалі падзякі за актыўны ўдзел у падарожжы і добрыя веды па асновах бяспечнай жыццядзейнасці.
– Такія мерапрыемствы даволі пазнавальныя і цікавыя для вучняў, паколькі не класны кіраўнік расказвае пра правілы бяспекі, а самі дзеці актыўна ўключаюцца ў працэс з дапамогай прадстаўнікоў зацікаўленых арганізацый. Праз гульню, творчасць засвойваюцца асноўныя алгарытмы дзеянняў у непрадказальных сітуацыях, – адзначае класны кіраўнік 5 “А” класа А.Т.Юруш.
Вучні падзяліліся з гасцямі ўражаннямі ад наведвання адукацыйнага цэнтра бяспекі МНС, які пачаў работу ў студзені гэтага года. Шасцікласнікам прыйшліся даспадобы інтэрактыўныя навучальныя пляцоўкі (а іх у цэнтры больш за 30!): “Грамадзянская абарона”, “Транспартная”, “Крымінальная”, “Прамысловая”, “Экалагічная бяспека” і інш. У хуткай паўсядзённасці мегаполіса такія веды асабліва карысныя і запатрабаваныя.
Міжведамаснае супрацоўніцтва – эфектыўная платформа для правядзення прафілактычнай і прапагандысцкай работы па розных кірунках. Настаўнікі, законныя прадстаўнікі непаўналетніх выхоўваюць у вучнях адказнае стаўленне да здароўя, ведання і прымянення правіл бяспечных паводзін. Спецыялісты паказваюць прыклады, гавораць пра статыстыку, бачаць надзвычайныя сітуацыі знутры і ведаюць, як іх прадухіліць. Толькі разам мы захаваем бяспеку нашых дзяцей, а, іншы раз, нагадаем дарослым, каб былі больш пільнымі і ўважлівымі да ўласных паводзін.
Галіна ГУЗОЎСКАЯ,
намеснік дырэктара па выхаваўчай рабоце
сярэдняй школы № 21 імя М.Ф.Гастэлы Мінска