Выхаванцы і педагогі дашкольнага цэнтра развіцця дзіцяці Свіслачы, уключыўшы ўсю сваю фантазію, пастараліся рэалізаваць творчыя задумы і стварыць ва ўстанове атмасферу свята напярэдадні Міжнароднага дня жанчын.
Выхавальнікі дэкаравалі групавыя памяшканні паветранымі шарамі і роставымі кветкамі, зробленымі з гафрыраванай паперы.
На дадатковых занятках па выяўленчай дзейнасці “Акварэлька” і па мастацкай творчасці “Самацветы” малыя майстравалі святочныя паштоўкі “З любоўю да мамы”, малявалі нетрадыцыйнымі спосабамі чароўныя букеты.
Прыцягвае сваёй прыгажосцю аўтарская выстава таленавітай шматдзетнай мамы-рукадзельніцы Таццяны Каўпак, залатыя рукі якой ствараюць цудоўныя ўпрыгажэнні: заколкі, банцікі з атласных стужак, фаамiрану, фетру і палімернай гліны.
У кожнай групе разгарнуліся цэлыя майстэрні па вырабе сувеніраў. Чаго толькі не прыдумалі дзеці разам з выхавальнiкамі, каб падарункі былі арыгінальнымі, перадавалі пяшчоту і любоў. Ішлі ў ход розныя матэрыялы: каляровая і гафрыраваная папера, шаўковая тканіна, атласныя стужкі, фаамiран, фетр, пацеркі і стразы – усяго не пералічыць! Пры вырабе падарункаў выкарыстоўваліся розныя : кусудама, квiлiнг, модульнае арыгамі.
Акрамя падарункаў выхаванцы традыцыйна рыхтавалі святочны канцэрт, які мамы змогуць паглядзець на відэа. Добрага настрою дзецям дадалі казачныя персанажы Маша і Мядзведзь, вясёлыя клоўны, Капрызка, Хатабыч і Шапакляк, якія праводзілі цікавыя конкурсы, жартавалі, спявалі, танцавалі і гулялі разам з дашкалятамi.
У канцы дня дзеці павіншавалі сваіх мам і бабуль і ўручылі падарункі, зробленыя з любоўю.
Святлана ПЯСНЯК,
намеснік загадчыка па асноўнай дзейнасці
дашкольнага цэнтра развіцця дзіцяці Свіслачы