Напярэдадні Міжнароднага жаночага дня ў яслях-садзе № 3 Глуска традыцыйна арганізуюцца святы “Мамін дзень”. Не стаў выключэннем і гэты год.
Хай на святах не прысутнічалі мамы і бабулі з-за эпідэміялагічных патрабаванняў, але хлапчукі і дзяўчынкі ўсё роўна вучылі вершы, песні, танцы і рыхтавалі цікавыя незвычайныя сувеніры. У кожнай групе адбыліся не зусім звычайныя падарожжы ў казачны свет. Адны дзеткі ператварыліся ў куранят, іншыя – у маленькіх казлянят. Але ўсім ім давялося пераадольваць перашкоды, сустракацца з казачнымі героямі і выконваць іх заданні. І ўсё гэта для таго, каб зладзіць свята для мам.
У канцы мерапрыемстваў выхаванцы прымалі віншаванні ад кіраўніка нашай установы Алены Кісялевіч. За ўдзел у розных конкурсах рабяты атрымалі дыпломы і памятныя сувеніры.
З дапамогай інтэрнэт-рэсурсаў кожная з мам змагла паглядзець творчы нумар свайго дзіцяці, а ў вячэрнюю гадзіну атрымаць ад сына ці дачкі падарунак.
Святы прайшлі ў нязмушанай, дружнай абстаноўцы. Было вельмі весела, цікава, а галоўнае – актыўна і пазнавальна.
Наталля ЁШЧЫК,
музычны кіраўнік ясляў-сада № 3 Глуска