На вуліцы яшчэ ляжыць снег, а на календары ўжо вясна! І гэты выдатны час года адкрывае жаночае свята – 8 Сакавіка, якое дзеці любяць і чакаюць, каб павіншаваць сваіх любімых матуль, бабуль, сясцёр, настаўнікаў. Па традыцыі ў Бакштаўскім дзіцячым садзе – сярэдняй школе Іўеўскага раёна на працягу першага тыдня сакавіка праводзяцца мерапрыемствы, прысвечаныя гэтаму цудоўнаму дню.
Ужо ў панядзелак можна было назіраць, як вучні разам з класнымі кіраўнікамі афармлялі прыгожыя віншавальныя насценгазеты на тэму “Мілым мамам прысвячаецца”.
З аўторка пачалі дзейнічаць творчыя майстэрні па вырабе паштовак і кветак для педагогаў, мам і гасцей школы.
На працягу ўсяго тыдня працавала фотавыстава “Вясна. Дзяўчынкі. Пазітыў”, якую ўпрыгожвалі выдатныя фатаграфіі нашых дзяўчынак і іх матуль.
Ва ўсіх класах праведзены класныя гадзіны, дзе праслаўляліся сямейныя каштоўнасці, выхоўвалася паважлівае стаўленне да жанчын і маці.
Заключным акордам стаў традыцыйны святочны канцэрт “Жаночае свята – значыць, вясна!”, які прайшоў 6 сакавіка. Ён сапраўды стаў лепшым падарункам для мілых сэрцу дам, яны пакідалі залу са словамі падзякі і светлымі ўсмешкамі на тварах. Хлапчукі і дзяўчынкі сказалі шмат добрых і прыемных слоў у адрас сваіх матуль, бабуль і педагогаў. Канцэрт выдаўся яркім і змястоўным, уключаў розныя віды творчых выступленняў – вершы, песні, сцэнкі і прыпеўкі. Прасякнуты цяплом і любоўю кожны нумар праграмы дарыў непаўторнае адчуванне радасці, эмацыйнага ўздыму і шчасця.
У канцы святочнага канцэрта ўсім жанчынам былі ўручаны кветкі, зробленыя рукамі школьнікаў.
Валанцёры школы выйшлі на вуліцу і павіншавалі жанчын з надыходзячым святам.
Лічу, што такія мерапрыемствы спрыяюць паляпшэнню добрых адносін у сем’ях, выхаванню павагі, жаданню дапамагчы і рабіць прыемнае маме, самому дарагому чалавеку на зямлі.
Святлана ЧАКАВАЯ,
настаўнік пачатковых класаў
Бакштаўскага дзіцячага сада – сярэдняй школы
Іўеўскага раёна