У Магілёўскай дзяржаўнай гімназіі-каледжы мастацтваў імя Я.Глебава з удзелам сярэдняй школы № 9 Магілёва прайшло пасяджэнне пастаяннага семінара настаўнікаў беларускай мовы і літаратуры горада. Тэма пасяджэння: “Падтрымка і пашырэнне сферы выкарыстання беларускай мовы ва ўстанове агульнай сярэдняй адукацыі: з вопыту работы па правядзенні адзіных дзён беларускага маўлення”.
У свеце шмат цудоўных моў. Адны з іх вабяць сваёй прыгажосцю і непаўторнасцю, другія – мілагучнасцю. Але ў кожнага чалавека ёсць толькі адна мова, якая завецца роднай. Менавіта родная мова з’яўляецца і прыгожай, і непаўторнай, і мілагучнай. І вельмі дрэнна, калі чалавек пачынае забывацца на сваю мову, не шануе яе.
Настаўнікі гімназіі-каледжа і сярэдняй школы № 9 пазнаёмілі прысутных са сваімі набыткамі па папулярызацыі беларускай мовы, падтрымцы нацыянальных традыцый і народнай спадчыны, расказалі пра сістэму работы ў гэтым накірунку. Семінар пачаўся экскурсіяй у музей гімназіі-каледжа, дзе навучэнкі ІІІ курса пазнаёмілі гасцей са 100-гадовай гісторыяй навучальнай установы, цікавымі звесткамі пра славутых выпускнікоў і выкладчыкаў, багатай спадчынай, якую пакінулі нам былыя пакаленні і якую навучэнцы працягваюць назапашваць сваімі шматлікімі дасягненнямі і высокімі ўзнагародамі.
Наступнай старонкай семінара быў вучэбна-метадычны блок, на якім настаўнікі беларускай мовы падзяліліся сваім вопытам работы па правядзенні адзіных дзён беларускага маўлення, па папулярызацыі роднага слова, фарміраванні ў вучняў нацыянальнай свядомасці, погляду на нацыянальную культуру як духоўную каштоўнасць народа.
У гэты Масленічны тыдзень не абышліся без пачастункаў. Сапраўдным падарункам для наведвальнікаў семінара стала гульня “Чароўны блін”, на якой дзеці спявалі песні-вяснянкі, расказвалі пра народны беларускі абрад гукання вясны, частавалі гасцей блінамі. Былі і запамінальныя падарункі. Вучні зрабілі для гасцей стылізаваны сувенір-сонейка як сімвал Масленіцы – традыцыйнага свята беларусаў.
Яркай, рознакаляровай, цікавай старонкай мерапрыемства стала літаратурна-музычная кампазіцыя “Малюнкі роднага краю”, у якой вучні гімназіі-каледжа расказалі пра знакамітыя мясціны і славутых жыхароў горада Магілёва. У канцэрце прагучалі як класічныя кампазіцыі беларускіх аўтараў, так і творы народнага мастацтва, а вучні харэаграфічнага аддзялення выканалі беларускі народны танец “Лявоніха”.
Разнастайныя мерапрыемствы і сістэмнасць работы па далучэнні вучняў да роднага слова і нацыянальнай культуры, выхаванні сапраўдных грамадзян, неабыякавых да лёсу сваёй краіны, патрыётаў, якія б пачалі адчуваць сябе неад’емнай часткай Бацькаўшчыны, прыносяць свае плады. Дзеці з вялікім задавальненнем прымаюць актыўны ўдзел у розных гарадскіх і абласных творчых конкурсах, не цураюцца і ахвотна вывучаюць родную мову, многія выказваюць жаданне гаварыць на ёй.
Інэса СКРЫПКА,
настаўнік беларускай мовы і літаратуры
Магілёўскай дзяржаўнай гімназіі-каледжа мастацтваў імя Я.Глебава