У рамках тыдня педагагічнага майстэрства ў 7 “Б” класе сярэдняй школы № 7 Навагрудка быў праведзены ўрок фінансавай дасведчанасці ў форме інтэрактыўнай гульні “Бізнес-старт”.
Фінансавая дасведчанасць – актуальны кірунак выхаваўчай работы са школьнікамі. У ходзе адкрытага мерапрыемства навучэнцы актуалізавалі свае эканамічныя веды, навучыліся свядома выяўляць сітуацыі, якія патрабуюць фінансавага рашэння, спрабавалі свае сілы ў планаванні асабістых грашовых выдаткаў, навучыліся прыёмам процідзеяння ашуканцам. Хлопцы і дзяўчаты даведаліся шмат цікавага пра грошы, правялі незвычайную экскурсію па роднай Беларусі, выкарыстоўваючы малюнкі на беларускіх грашовых купюрах, спаборнічалі паміж сабой у “Горадзе дзелавых людзей”. Квест па станцыях “Банкамат”, “Крама”, “Фінансавая арганізацыя”, “Забаўляльны цэнтр”, “Вучэбны цэнтр”, “Біржа заданняў” прымусіў іх праявіць лепшыя якасці: кемлівасць, прадпрымальнасць, знаходлівасць.
Школьнікі паспяхова справіліся з эканамічнымі анлайн-практыкаваннямі з дадатку “Learning apps”, прайшлі электронны тэст “Мае фінансы”. У ходзе гульні навучэнцы зараблялі прэміі сваім розумам і кемлівасцю. Кульмінацыйным момантам класнай гадзіны стала абмеркаванне прытчы “Ці ў грошах шчасце?”. Дзеці з упэўненасцю выказваліся, што самае вялікае багацце для іх – здароўе, сям’я, каханне, сяброўства. Далёка не ўсе на свеце прадаецца і купляецца, і чым бы не давялося займацца ў будучыні, яны будуць памятаць, што самыя дарагія рэчы не маюць кошту.
Іна МАСЛОЎСКАЯ,
класны кіраўнік 7 “Б” класа
сярэдняй школы № 7 Навагрудка