У рамках святкавання Дня Канстытуцыі ў Залескім яслях-садзе – сярэдняй школе Смаргонскага раёна прайшла акцыя “Я – грамадзянін Рэспублікі Беларусь”.
Мерапрыемствы, якія напоўнілі акцыю, былі па-маладзёжнаму інтэрактыўнымі і па-дзяржаўнаму сур’ёзнымі.
У ходзе міні-канферэнцыі “Чалавек. Асоба. Грамадзянін” вучні 11-га класа падрабязна вывучылі структуру Канстытуцыі РБ, разгледзелі некаторыя артыкулы і абмеркавалі такія паняцці, як “асоба”, “чалавек”, “грамадства” і “грамадзянін”, агучылі свае меркаванні па зменах у Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь, выказаліся не толькі адносна заканадаўства, але і сацыяльнай сферы, адукацыі і медыцыны.
Падчас інфармацыйнай гадзіны “Канстытуцыя РБ – гарантыя нашых правоў” васьмікласнікі ўспомнілі гісторыю стварэння Канстытуцыі, правялі віктарыну, у якой актыўна адказвалі на пытанні пра канстытуцыйныя тэрміны.
Старонкі вуснага часопіса “Мы – грамадзяне Рэспублікі Беларусь” дазволілі вучням 4-га класа ў гульнявой форме разгледзець правы і абавязкі казачных герояў, а таксама выканаць творчыя заданні па ўжыванні палажэнняў Канстытуцыі ў жыццёвых сітуацыях.
Удзельнікі квіз-віктарыны “Канстытуцыя – галоўны закон” прадэманстравалі веды не толькі артыкулаў галоўнага закона нашай краіны, але і адміністрацыйнага, крымінальнага кодэксаў. Акрамя таго, гэта была выдатная нагода задумацца пра тое, што ведаць Канстытуцыю павінны ўсе людзі: і маленькія, і вялікія. Мерапрыемства атрымалася пазнавальным і цікавым.
Акцыя “Вывучы любы артыкул Канстытуцыі” выклікала цікавасць і сабрала вялікую колькасць знаўцаў права. Вучні атакавалі бібліятэку, завучвалі на памяць артыкулы і ўрачыста выкладалі іх настаўніку гісторыі. Самыя дасведчаныя атрымалі прызы.
У ходзе ўрачыстай лінейкі “Грамадзянінам быць абавязаны” яе ўдзельнікі ўспомнілі найбольш цікавыя факты пра асноўны закон краіны: гісторыю стварэння Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь, правы і абавязкі грамадзян, унесеныя змены, пазнаёміліся з цікавымі фактамі Канстытуцыі нашай краіны. Дырэктар установы К.В.Грудзіна ўручыў навучэнцам, якім споўнілася 14 гадоў, кнігі “Я – грамадзянін Рэспублікі Беларусь”.
Важным вынікам мерапрыемстваў стала разуменне таго, наколькі значная Канстытуцыя для нашай дзяржавы і як важна не толькі ведаць законы, але і выконваць іх, каб стаць годнымі грамадзянамі сваёй краіны.
Алена ВАРАНІШЧА,
намеснік дырэктара па выхаваўчай рабоце
Залескага ясляў-сада – сярэдняй школы
Смаргонскага раёна