Праз песні вывучаем англійскую мову

- 21:12ГРОДНЕНЩИНА, Регионы

 

Адной з эфектыўных матывацый да вывучэння англійскай мовы з’яўляецца захопленасць навучэнцаў замежнай эстрадай, асабліва англамоўнай. У сярэдняй школе № 1 Скідзеля прайшоў чарговы «Фестываль песень на англійскай мове» («English Song Festival»), які ў школе вельмі любяць і чакаюць усе.

Вельмі часта настаўнікі англійскай мовы сутыкаюцца з сітуацыяй, калі дзеці просяць перакласці папулярную песню або дапамагчы з вымаўленнем тэксту. Відавочна, што развучванне песень на вучэбных занятках па англійскай мове – адзін з любімых відаў дзейнасці навучэнцаў, а таксама эфектыўны спосаб павышэння матывацыі да вывучэння прадмета. Акрамя таго, для больш эфектыўнай рэалізацыі мэтаў навучання неабходна як мага больш актыўна далучаць навучэнцаў да розных відаў пазакласнай працы. Адзін з іх – правядзенне песеннага фестывалю.

Галоўнай мэтай такога мерапрыемства з’яўляецца заахвочванне юных талентаў, стымуляванне педагогаў да працы з імі. Выступленню на канцэрце папярэднічае велізарная праца навучэнцаў і настаўнікаў: вучаць тэксты любімых песень, працуюць над фанетыкай, удасканальваюць музычныя і сцэнічныя навыкі, а таксама тэатральнае майстэрства. Пашыраецца кругагляд вучня, развіваецца яго філалагічная пісьменнасць, фарміруецца зацікаўленасць да английскай мовы, развіваецца ўважлівасць, дысцыплінаванасць і адказнасць. Школьнікі пры падрыхтоўцы да такога мерапрыемства займаюць больш актыўную пазіцыю: самастойна падбіраюць рэпертуар для выступлення ў адпаведнасці са сваім густамі і перавагамі, прадумваюць вобраз, сцэнічны нумар. Гэта дазваляе дзецям больш раскрыцца як асобам. Такім чынам яны набываюць упэўненасць у сабе, пераадольваючы моўны бар’ер.

Ідэя стварэння і правядзення пазакласнага мерапрыемства «Фестываль песень на англійскай мове» («English Song Festival») у сярэдняй школе № 1 Скідзеля паўстала пяць гадоў таму. І вось 26 лютага прайшоў пяты, юбілейны, фестываль. У мерапрыемстве былі задзейнічаны вучні 3–11-х класаў. У арганізацыі мерапрыемства прынялі ўдзел усе настаўнікі англійскай мовы, якія распрацоўвалі сцэнічныя нумары сумесна з вучнямi. Падрыхтоўка да гэтага свята была сапраўды маштабнай: распрацоўка сцэнарыя, праца з вядучымі, касцюмы, рэквізіт, упрыгожванне залы, аранжыроўкі песень, рэпетыцыі, хваляванне ўдзельнікаў і педагогаў. Уся школа на працягу тыдня жыла духам фестывалю!

Навучэнцамі было прадстаўлена 17 нумароў. Рэпертуар быў вельмі разнастайны: ад вясёлых і энэргічных да спакойных і меладычных кампазіцый. Выканаўцы пакарылі гледачоў сваім вакалам і артыстызмам, прыемна здзівілі і парадавалі сваімі яркімі творчымі нумарамі, падарылі прыемныя ўражанні і пазітыўныя эмоцыі.

У перапоўненай глядзельнай зале панавала цёплая атмасфера: усе весяліліся, энергічна падтрымлівалі адно аднаго, на тварах гледачоў былі цёплыя ўсмешкі. Самая юная ўдзельніца Святлана Балабанава, навучэнка 3 «Б» класа, выканала «Песню Кракадзіла Гены» пра самае галоўнае для ўсіх свята – дзень нараджэння (вядома, на англійскай мове). Уразіла сваім нумарам Кацярына Цішкевіч, навучэнка 7 «Б» класа. Выдатная ігра Каці на фартэпіяна і выкананне кампазіцыі «All Of Me» нікога не пакінулі абыякавым.

Вядома, такое свята надоўга застанецца ў сэрцах вучняў і педагогаў! А школьнікі ўжо прыступілі да падрыхтоўкі нумароў для наступнага фестывалю.

Ганна ЯЦКО,
настаўнік англійскай мовы
сярэдняй школы № 1 Скідзеля

 

Поделиться ссылкой:

Всю ответственность за содержание сведений в методических и информационных материалах, а также за соблюдение авторских прав несут авторы публикаций.

Добавить комментарий