“Ажыўленне фотаздымка”, на думку творчых і крэатыўных вучняў Ёдкаўскай сярэдняй школы Лідскага раёна, вельмі цікавы занятак. Справа ў тым, што актыўныя падлеткі ўжо не адзін год даследуюць творчасць знакамітай зямлячкі Дануты Бічэль, ганарацца яе кнігай з аўтографам у школьным музеі, якую самі ж і адшукалі ў ходзе краязнаўчых экспедыцый у вёсцы Біскупцы Лідскага раёна.
Чарговай справай стала пастаноўка міні-спектакля “Ажыві фотаздымак” па здымку з кнігі Дануты Бічэль “Хадзі на мой голас”. На фота маладая Данута Янаўна з іншымі маладымі паэтамі.
Вучні восьмага класа пастараліся даведацца гісторыю гэтай фотакарткі. Яны высветлілі, што фотаздымак быў зроблены ў 1969 годзе на Усесаюзнай нарадзе маладых паэтаў і пісьменнікаў у Маскве. Побач з Данутай Бічэль Мар’ян Дукса, Славамір Хадаронак, Мікола Федзюковіч, Яўген Крупенька, Яўгенія Янішчыц. У ролі фатографа выступіў Сяргей Панізнік. На мерапрыемстве паэты прадстаўлялі розныя куткі нашай Беларусі – ад Брэста ад Магілёва. Героям здымка было на той час ад дваццаці аднаго да трыццаці трох гадоў. Дарэчы, самай маладой сярод усіх была Яўгенія Янішчыц, якая яшчэ ў шаснаццацігадовым узросце пачала друкаваць свае вершы і невыпадкова трапіла на мерапрыемства такога ўзроўню. А самым старэйшым аказаўся Яўген Крупенька. У 1969 годзе за плячыма кожнага былі тамы калі не друкаваных, то рукапісных вершаў.
Нашы вучні з задавальненнем бліжэй пазнаёміліся з іх творчасцю, а таксама з тым, як склаўся лёс кожнага паэта. Васьмікласнікі выбралі вершы гэтых паэтаў для інсцэніравання, правялі працу над мімікай, жэстамі, інтанацыяй, падабралі касцюмы і месца здымак – школьны гісторыка-краязнаўчы музей “Вытокі”.
Падчас спектакля-фантазіі навучэнцы праявілі свае творчыя акцёрскія здольнасці, навучыліся трымацца на камеру, дэкламаваць вершаваныя творы перад аднакласнікамі. У імправізаванай форме ўявілі, што магло адбывацца падчас фаграфавання з маладымі паэтамі, пра што яны маглі размаўляць паміж сабой. Мерапрыемства выклікала жывы інтарэс у яго ўдзельнікаў.
Таццяна МАРЦЭВІЧ,
настаўнік
Ёдкаўскай сярэдняй школы
Лідскага раёна