Фантастычнае маляванне на вадзе

- 7:33ГРОДНЕНЩИНА, Регионы

 

Штогод 22 сакавіка адзначаецца Сусветны дзень водных рэсурсаў. Адпаведна ў гэты дзень у яслях-садзе № 2 Свіслачы праводзяцца тэматычныя заняткі, гутаркі, досведы і эксперыменты з вадой. Сёлета выхаванцы, якiя наведваюць гурток “Вясёлая палітра”, стварылi арыгінальныя кампазіцыі ў тэхніцы Эбру, у якой маляванне ажыццяўляецца фарбамі на вадзе.   

Занятак пачаўся з пазнавальнай гутаркi з дзецьмi пра ваду, яе жыццёва важнае значэнне для прыроды i чалавека, разнастайны стан i ўласцiвасцi, неабходнасць беражлiвых адносiн да яе. Дашкольнікі згадзiлiся з тым, што працэс малявання немагчымы без выкарыстання вады, так як маляванне гуашшу або акварэльнай фарбай уключае яе абавязковае прымяненне. Так, мастак прамывае свае пэндзлі ў вадзе, каб пачысцiць іх ад папярэдніх фарбаў, якімі ён маляваў, змочвае палатно вадой пры маляванні ў тэхніцы акварэль “па-сырым”.           

Велізарнае здзіўленне і неапісальнае захапленне адначасова ў гурткоўцаў выклікаў той факт, што ваду можна выкарыстоўваць замест палатна. Дзецям было вельмі цікава даведацца, што фарбы трымаюцца на паверхні вады і не змешваюцца з ёй, дзякуючы далучэнню ў ваду спецыяльных дабавак, якія ўшчыльняюць і дазваляюць маляваць на яе паверхні. Напрыклад, бульбяны крухмал выкарыстоўваецца для загусцення многіх харчовых прадуктаў, прыгатавання знаёмага дзецям напою – кiсяля. Так гурткоўцы пазнаемiлiся з тэхнiкай Эбру, якая дазваляе ажыццявіць фантастычнае маляванне па паверхні вады з наступным пераносам малюнка на паперу або іншую цвёрдую паверхню.        

Далей хлопчыкаў і дзяўчынак чакаў сюрпрыз. Ім было прапанавана памаляваць на вадзе, ушчыльненай бульбяным крухмалам. Маленькія мастакі замест звыклых альбомных лістоў атрымалі падносы з бясколерным “кісялём”, на якім трэба было маляваць, капаючы на яго паверхню фарбай і з дапамогай тонкіх драўляных палачак выконваць розныя мудрагелістыя разводы. Перш-наперш было прынята калектыўнае рашэнне маляваць кветкі, прычым не толькі рэальна існуючыя, але і прыдуманыя.           

Перад тым, як прыступіць да малявання, малыя выканалі пальчыкавую гімнастыку ў вадзе з элементамi акватэрапіi “Марскія насельнікі”. Потым, насамрэч, ішоў чароўны працэс стварэння дзіўных малюнкаў на вадзе. Спачатку гурткоўцы змочвалі акварэльную фарбу вадой, перамешвалі і пэндзлікам лёгка наносілі на паверхню вады. Затым тонкай драўлянай палачкай маленькія мастакі зачаравана малявалі ўнікальныя і непаўторныя завіткі, разводы, хвалі. Кожны ствараў свой уласны малюнак, не прытрымліваючыся звычайнага ўзору. Дзецям была дадзена магчымасць праявіць сваю індывідуальнасць, наяўныя творчыя здольнасцi і бязмежную фантазію.   

Пасля ўдзелу ў фізкультурнай мінутцы “Ціха плёскаецца вада”, хлопчыкі і дзяўчынкі прыступілі да заключнай часткі незвычайнага малявання, яго захавання. Пры дапамозе дарослага дзецi выканалі перанос малюнка на альбомны ліст. Гэта дзеянне было няпростае, але ва ўсіх яно паспяхова атрымалася.           

Па завяршэннi занятку, напоўненага неверагоднымі эмоцыямі і ўражаннямі ад фантастычнага малявання на вадзе, выхаванцы з зацікаўленнасцю адно ў аднаго разглядалі малюнкі з дзiўнымi кветкамi. Дзякуючы воднай тэхнiцы кожнае дзiця паспрабавала сябе ў ролі чараўніка, малюючы свой маленькі шэдэўр на празрыстым нябачным палатне. 

 

Наталля БОЙКА,
кіраўнік гуртка “Вясёлая палітра”
ясляў-сада № 2 Свіслачы

 

Поделиться ссылкой:

Всю ответственность за содержание сведений в методических и информационных материалах, а также за соблюдение авторских прав несут авторы публикаций.

Добавить комментарий