Для ўзбагачэння ўяўленняў дзяцей пра стадыі росту і развіцця раслін, для знаёмства са спосабамі догляду за імі ў сярэдняй групе для дзяцей з цяжкімі парушэннямі маўлення дашкольнага цэнтра развіцця дзіцяці Карэліч у канцы лютага быў пасаджаны “агарод”.
Выбраўшы расліны, якія дзеці павінны ведаць па праграме, мы вырашылі аб’яднаць градкі адным сюжэтам. Назва прыйшла сама сабой. Калі на занятках чыталі казку “Як курачка пеўніка ратавала”, высветлілася, што многія дзеці не ўяўлялі сабе, што такое боб і як ён расце. Таму першай на нашым агародзе з’явілася менавіта гэта расліна з казкі. Незразумелым для дзяцей было таксама слова “Касец” – паміж градкамі пасеялі траву. А яшчэ кожны з дзяцей прынёс з дому цыбулінку і асабіста пасадзіў у шклянку.
Цікава было назіраць, як выхаванцы з хваляваннем садзілі насенне і лукавіцы ў глебу, спяшаліся паглядзець, што там з’явілася на градках. Кожную раніцу па чарзе дзеці палівалі агарод.
І вось, калі з’явіліся першыя ўсходы, радасці не было канца. Разам з усходамі з’явіліся і казачныя героі: Курачка, Пеўнік, Кароўка, Касец, Кухар і таблічкі з назвамі агародніны і схемамі назірання за раслінамі.
Цяпер наш казачны агарод вабіць дзетак не толькі паназіраць і замаляваць змены ў жыцці кажнай расліны, але разам ці паасобку расказаць казку. Мы заўважылі, што дзецям гэта даецца шмат лягчэй, бо яны бачаць перад сабою тое, пра што расказваюць: Касец косіць траву, Карова есць сена, Пеўнік шукае паміж гарохам і фасоляю менавіта боб. Дарэчы, канец казкі мы трошкі змянілі. Замест пекара ў нас працуе Кухар, а Касец просіць у Курачкі прыгатаваць яму не пірагі, а карысныя салаты з агародніны. Далей плануем зрабіць кніжку з рэцэптамі беларускіх страў з буракоў, радыскі, агуркоў і цыбулькі, якія падрастаюць на нашым агародзе.
Вядома, практыкаваць у пераказванні нескладаных казак можна і на занятках, але мы ўпэўніліся, што наш казачны агарод дапамагае не толькі пераказаць знаёмую казку на новы лад, але садзейнічае сумеснаму з дарослым абыгрыванню казкі, навучае эмацыянальнаму ўспрыманню твора. Адначасова дзеці вучацца выконваць элементарныя працоўныя даручэнні ў кутку прыроды, развіваюць уменне адрозніваць і называць расліны агарода, у іх фарміруецца ўяўленне пра этапы росту і спосабах догляду раслін агароду. Мы ўжо зрэзалі першае пер’е цыбулькі і дабавілі яго ў суп, скасілі нажніцамі першы ўкос травы, якой пачаставалі не толькі нашу казачную кароўку, але хамяка і папугая з жывога кутка дашкольнай установы.
А яшчэ мы даведаліся, як выглядае насенне цюльпанаў і настурцыі. Менавіта цюльпаны нас ужо парадавалі дзвюма кветачкамі. Тут, дарэчы, мы ўспомнілі, што з такой кветкі з’явілася на свет казачная Дзюймовачка.
Упэўнены ў тым, што працаваць і назіраць на сваім казачным агародзе мы будзем яшчэ да чэрвеня, а потым працягнем гэтую справу на сапраўдным агародзе.
Ірына АРЦЮХ,
выхавальнік дашкольнай адукацыі
дашкольнага цэнтра развіцця дзіцяці Карэліч