24 сакавіка ў Вензавецкім дзіцячым садзе – сярэдняй школе Дзятлаўскага раёна прайшла інфармацыйная акцыя “Белы рамонак”. Мерапрыемства прымеркавана да Сусветнага дня барацьбы з туберкулёзам і праводзіцца для прыцягнення ўвагі моладзі да тэм прафілактыкі, ранняй дыягностыкі і лячэння захворвання, а таксама папулярызацыі здаровага ладу жыцця.
Белы рамонак у народнай медыцыне лічыцца прыродным антыбіётыкам, які дапамагае справіцца, у тым ліку, з туберкулёзам.
Валанцёрамі Чырвонага Крыжа сумесна з членамі Маладзёжнага парламента былі створаны “рамонкі”, на “пялёстках” якіх можна было прачытаць пра сімптомы і правілы прафілактыкі небяспечнай хваробы, каб быць узброеным ў барацьбе з туберкулёзам. Удзельнікам акцыі з ліку навучэнцаў і педагагічнага калектыву валанцёры прапаноўвалі адказаць на тэставыя пытанні на тэму прафілактыкі туберкулёзу.
– Наша мэта – прыцягнуць увагу моладзі да праблемы захворвання. Хворы можа заразіць у сярэднім 10–15 чалавек. Ранняе выяўленне захворвання – гэта не толькі неабходная ўмова для хуткага і эфектыўнага лячэння, але і папярэджанне распаўсюджвання інфекцыі, – адзначыла член Маладзёжнага парламента пры Дзятлаўскім Савеце дэпутатаў Аляксандра Клімко.
Арганізатары і ўдзельнікі акцыі спадзяюцца, што атрыманая інфармацыя стала карыснай для моладзі.
Аксана РОЎБА,
настаўнік біялогіі
Вензавецкага дзіцячага сада – сярэдняй школы
Дзятлаўскага раёна