Дакрануцца да традыцый продкаў

- 19:29ГРОДНЕНЩИНА, Регионы

 

Захоўваць старадаўнія народныя промыслы і перадаваць мясцовыя традыцыі продкаў – задача, актуальная для сучаснай школы. У шосты школьны дзень навучэнцы 5-га класа Доцішскай сярэдняй школы Воранаўскага раёна мелі магчымасць прыадкрыць заслону даўніны і дакрануцца да традыцый нашых прашчураў. Вучні адправіліся на экскурсію ў пакой-музей “Тут Радзімы маёй пачатак” філіяла “Пагародзенскі цэнтр культуры і народнай творчасці”.

У музейным пакоі вучняў ветліва сустрэла экскурсавод А.А.Ладыш. Варта адзначыць, што Анжэла Аляксандраўна з’яўляецца пераемніцай традыцыйных ткацкіх тэхнік вырабу каляровых узорных посцілак і дываноў, вучаніцай народнага майстра Рэспублікі Беларусь С.В.Міхно.

Дзякуючы супрацоўнікам цэнтра культуры ў музеі пануе асаблівая атмасфера. Сам пакой умоўна падзелены на зоны і нагадвае інтэр’ер традыцыйнай сялянскай хаты. У гаспадарчым кутку на паліцах знаходзяцца прадметы сялянскага побыту: збаны, чыгуны, серп, рэшата, прасы, маслабойкі і інш. Пяцікласнікі змаглі не проста паслухаць пра прызначэнне гэтых прылад, але і паспрабавалі пры дапамозе рагача дастаць чыгун з печкі і “спячы” каравай.

Значнае месца ў музеі займаюць прадметы, звязаныя з жаночай працай, перш за ўсё – з прадзеннем і ткацтвам. Гэта прасніцы і калаўроты. Дзяўчынкі нашага класа з захапленнем назіралі за рухам нітак, націскаючы на прыводную педаль калаўрота. Асноўныя віды народных тканін, якія знаходзяцца ў пакоі-музеі – гэта ручнікі, абрусы, посцілкі і дываны. Таксама ў музеі прысутнічаюць розныя тыпы тканых ручнікоў, упрыгожаныя арнаментам і вышыўкай.

Асаблівую цікавасць у юных гасцей выклікаў драўляны ткацкі станок – кросны. Анжаліка Аляксандраўна пазнаёміла з асноўнымі этапамі працэсу ткацтва ўзорных посцілак і дываноў: снаванне асновы, запраўка кроснаў і ткацтва вырабу. Адной з мастацкіх вартасцей традыцыі вырабу посцілак і дываноў Пагародна з’яўляецца выкарыстанне пяці ўзораўтвараючых тэхнік. Узорная паверхня посцілак і дываноў ствараецца за кошт выкарыстання такіх прыёмаў, як запраўка ў ніты і наяўнасць каляровага ўтка. Пяцікласнікі паспрабавалі сябе ў ткацкай справе і адзначылі, што гэта складаны і шматгранны працэс.

Экскурсія садзейнічала развіццю пазнавальнай цікавасці да захавання традыцый продкаў, выхаванню любові да сваёй малой радзімы.

 

Юлія АНДРУКОНІС,
класны кіраўнік 5-га класа
Доцішскай сярэдняй школы
Воранаўскага раёна

 

Поделиться ссылкой:

Всю ответственность за содержание сведений в методических и информационных материалах, а также за соблюдение авторских прав несут авторы публикаций.

Добавить комментарий