Вучыліся лічыць грошы

- 12:49ГРОДНЕНЩИНА, Регионы

 

У Бобравіцкім дзіцячым садзе – сярэдняй школе Іўеўскага раёна прайшоў тыдзень фінансавай дасведчанасці.

На працягу тыдня з навучэнцамі 1–11-х класаў праводзіліся выхаваўчыя мерапрыемствы, гульні, відеэаўрокі па такіх тэмах, як “Бізнес і грошы. Усё вельмі проста”, “Сямейны бюджэт. Эканоміць або траціць”, “Падаткі: без іх немагчыма, а з імі складана”. Хутка вучням старшых класаў прыйдзецца ўваходзіць у дарослае жыццё, таму трэба ўжо зараз ведаць ключавыя пытанні па фінансах, эканоміцы, падатках і г.д. Недастатковая адукаванасць можа стаць прычынай прыняцця няправільных фінансавых рашэнняў, выпадковага ўцягвання ў сеткі фінансавых махляроў.

У інтэрактыўнай гульні “Сямейны бюджэт” з вучнямі 9-га класа адпрацоўваліся навыкі граматных фінансавых паводзін у важных жыццёвых сітуацыях, з якімі навучэнцам трэба будзе сутыкнуцца ў рэальным жыцці.

Для навучэнцаў 7-х і 10-х класаў праведзена інтэлектуальная віктарына “Сямейны савет па складанні бюджэту”. Дзве сям’і ў гульнявой форме складалі свой бюджэт. Навучэнцы даведаліся, што такое бюджэт і як яго кантраляваць, абмяркоўвалі тэмы “Чаму ўзнікаюць складанасці пры планаванні сямейнага бюджэту і як іх пазбегнуць?”, “Як можна правільна размяркоўваць свой бюджэт?”.

Пры правядзенні гульні “Сямейны бюджэт”, пяцікласнікі разам з класным кіраўніком паглядзелі відэафільм “Азбука грошай цётачкі Савы”, разважалі, на што трацяцца грошы і абмяркоўвалі даходы і выдаткі тыповай сям’і.

Для малодшых школьнікаў праведзена гульня “Мае першыя фінансы”. У гульнявой форме навучэнцы пазнаёміліся з паняццем “эканоміка”, вызначылі яе месца ў жыцці чалавека, вырашылі, што без эканомікі немагчыма пражыць. Навучэнцы таксама наведалі школьны музей “Мова, культура і быт беларусаў”, дзе ім прадэманстравалі старадаўнія грошы, якімі карысталіся людзі раней. Праведзенае мерапрыемства спрыяла ўзнікненню цікавасці да эканамічнай сферы дзейнасці, развіццю пазнавальнага інтарэсу ў вучняў, выхаванню беражлівых і эканомных адносін да грошай.

Для вучняў 3-га класа праведзена гульня-практыкум “Грошы любяць улік”, падчас якой навучэнцы вучыліся распараджацца грашыма. Дзеці пабывалі на экскурсіі ў казачным лесе, дзе куплялі ў казачных герояў розныя тавары: прадукты харчавання, цацкі, мыльныя бурбалкі, цукеркі. У кожнага вучня быў першапачатковы капітал 100 рублёў, на які можна было купіць неабходнае. Але ў выніку некаторыя трэцякласнікі не зусім разумна распарадзіліся грашыма, таму не змаглі купіць прадукты для абеду. Вучні зразумелі, што грошы трэба траціць з розумам, іх трэба лічыць і купляць у першую чаргу самае неабходнае.

Гэтыя мерапрыемствы садзейнічалі павышэнню фінансавай граматнасці навучэнцаў, фарміраванню разумных фінансавых паводзін, прыняццю абгрунтаваных рашэнняў, адказных адносін да асабістых фінансаў, павышэнню эфектыўнасці абароны іх інтарэсаў як спажыўцоў фінансавых паслуг.

 

Валянціна БАЯРЧУК,
намеснік дырэктара па вучэбнай рабоце
Бобравіцкага дзіцячага сада – сярэдняй школы
Іўеўскага раёна

 

Поделиться ссылкой:

Всю ответственность за содержание сведений в методических и информационных материалах, а также за соблюдение авторских прав несут авторы публикаций.

Добавить комментарий