Тыдзень працоўнага навучання ў навагрудскай школе

- 13:01ГРОДНЕНЩИНА, Регионы

 

У сярэдняй школе № 5 Навагрудка адбыўся тыдзень працоўнага навучання. Навучэнцам быў прапанаваны шырокі спектр пазакласных мерапрыемстваў і конкурсаў.

Прадметны тыдзень пачаўся з акцыі “Цуд у тваіх руках”. Удзельнікі аб’яднання па інтарэсах “Творчая майстэрня” дарылі дзецям і дарослым папяровыя кветкі з жартоўнымі прадказаннямі і парадамі. У першы дзень урачыста адкрыліся выставы дэкаратыўна-пракладнога мастацтва “Творчая майстэрня”, “Я малюю”. Юныя мастакі нашай школы Паліна Максімук, Ульяна Рабецкая і Сабрына Макарэвіч прадставілі свае лепшыя работы. Вельмі зацікавілі ўсіх таксама вырабы школьнай бізнес-кампаніі “Савяня”.

На першым паверсе ўстановы на пераменах дэманстраваўся відэаподыум “Школьная мода”, дзе можна было прагледзець калекцыі адзення, што стварылі таленавітыя “мадэльеры” нашай школы.

Для малодшых школьнікаў настаўнікі пачатковых класаў правялі цікавыя віктарыны “Даскажы слоўца”, “Адгадай загадку”, “Хачу ўсё ведаць” на працоўную тэматыку, а старшакласнікі арганізавалі акцыю ”Цуды ў кошыку”, дзе прэзентавалі свае вырабы.

 

З асаблівым натхненнем узялі ўдзел у конкурсах навучэнцы 5-х класаў. Дзяўчынкі ў конкурсе “Майстрыха” паказалі свае ўменні і навыкі ў вязанні, шыцці і падрыхтоўцы немудрагелістых страў. У конкурса не было прайграўшых, а ўзнагародай кожнаму стаў добры настрой. Для хлопчыкаў быў арганізаваны майстар-клас “Падарунак сваімі рукамі”. Юныя майстры даведаліся, як акуратна вырабіць сувеніры з фанеры і крэатыўна іх упрыгожыць. У падарунак сваім мамам і бабулям хлопчыкі змайстравалі прыгожых матылькоў.

Шасцікласнікі дружна змагаліся на брэйн-рынгу “Працоўны дэсант”. Пытанні былі нялёгкімі, але перамогу атрымалі мацнейшыя – каманда 6 “А” класа.

Для дзяўчынак 8-х класаў адбыўся конкурс “Тры дзяўчыны”. Удзельніцы рашалі тэсты, лагічныя задачы, выконвалі эскізы вырабаў з завязанымі вачыма, спаборнічалі на хуткасць у зацягванні нітак у іголкі.

Каманды 9-х класаў вырашалі інтэлектуальныя галаваломкі ў “Сваёй гульні”. Усе пытанні былі на адну тэму – “Прафесіі на выбар”. Старшакласнікі паказалі шырокі кругагляд, высокі ўзровень эрудыцыі, а пераможцам стала каманда 9 “Б” класа.

Прадметны тыдзень прайшоў цікава. Навучэнцы паказалі не толькі свае веды, уменні, навыкі, кемлівасць, але і набылі пэўны вопыт, які ім спатрэбіцца ў жыцці.

 

Людміла МАКАРЭВІЧ,
настаўнік працоўнага навучання
сярэдняй школы № 5 Навагрудка

 

Поделиться ссылкой:

Всю ответственность за содержание сведений в методических и информационных материалах, а также за соблюдение авторских прав несут авторы публикаций.

Добавить комментарий