Выхаванцы аздараўленчага лагера “Свет дабрыні” Вераб’евіцкага дзіцячага-сада – базавай школы Навагрудскага раёна цвёрда перакананыя, што кожны чалавек павінен жыць у атмасферы дабрыні і сам ствараць яе вакол.
Апошні дзень сакавіка ў лагеры прайшоў пад дэвізам “Наш прыгожы добры свет”. У гэты цудоўны вясенні дзень усе хацелі падарыць цяпло сваіх сэрцаў і выдатны настрой прысутным. Дзень як заўсёды пачаўся з вясёлай зарадкі і гульні “Добра – дрэнна”. З мэтай пашырэння прадстаўленняў пра дабрыню, добрыя ўчынкі, развіцця ўмення працаваць у групе, выхавання пачуцця чуласці, добразычлівасці для хлопчыкаў і дзяўчынак была праведзена інтэлектуальна-пазнавальная гульня “Зерне дабрыні”. Гульня змяшчала пытанні, размешчаныя па рубрыках. Гульцы мелі права выбраць пытанне на любую колькасць балаў з любой рубрыкі. У ходзе занятка дзеці ўспомнілі гісторыю свайго краю, выдатных дзеячаў беларускай культуры, узгадвалі беларускія прыказкі пра дабрыню і спагадлівасць, вырашалі розныя жыццёвыя сітуацыі.
Прагляд мультыплікацыйнага фільма пра жыццё маленькай дзяўчынкі ў прытулку “Незвычайнае падарожжа Серафімы” закрануў сэрцы школьнікаў. У кожным з нас ёсць маленькае сонца. Гэта сонца – дабрыня. Добры чалавек – гэта той, хто любіць людзей і дапамагае ім – такі вывад зрабілі школьнікі пасля абмеркавання фільма. Скончыўся дзень конкурсам малюнкаў “Прыгажосць Божага свету”. Работы у дзяцей атрымаліся прыгожыя і душэўныя.
Дзень выдаўся па-сапраўднаму добрым. Цяпер нашы выхаванцы ведаюць дакладна – тварыць добрыя справы трэба кожны дзень, і гэта зусім не складана, а вельмі прыемна.
Наталля СКВАРАДА,
выхавальнік лагера “Свет дабрыні”
Вераб’евіцкага дзіцячага – сада базавай школы
Навагрудскага раёна